Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 30

Васіль Быкаў

— Вылазь! Вылазь! Хату праз тэбэ паляць, прыклятый. Душегуб! Звідкіля тэбэ прынесла? Вылазь!

Іван ажно ўздыхнуў ад палёгкі, што ўсё скончылася (хоць такога ён не чакаў), сунуў аўтамат пад смецце ў кутку і вылез. Злосці на гэтую кабету ў яго не было, зрабілася толькі вельмі журботна і шкада, што гэтак недарэчна абарваўся такі доўгі і дужа нялёгкі шлях…

Так ён ступіў на парог — спакойны і гатовы да ўсяго. З падворка на яго ваўкавата пазіралі чацвёра дзецюкоў, сярод якіх асабліва вылучаўся адзін — здаравенны бугай у светлых картовых штанах і з блакітнаю павязкай на рукаве. Гэта, мусіць, і быў той Грыць. У руках ён трымаў рускі карабін на ўзводзе, Іван пазнаў па затворы і падумаў у той момант, што забіць яго тут яны не адважацца — мусяць перадаць немцам.

Так яно і сталася.

10

Тоячы ў душы зябкую трывогу, Іван спярша азіраўся і ўслухоўваўся, баючыся, каб немцы не пусцілі сабак, але ішоў час, а навокал усё было ціха. Тады прыйшло меркаванне, што аўстрыяк усё ж іх не выдаў, а матацыклісты, напэўна, іхніх слядоў не знайшлі і да пары пакінулі ўцекачоў у спакоі. Да таго ж, відаць, яны забралі забітага вар’ята гефтлінга — было з чым вярнуцца ў лагер. Ад такіх думак трывожная ўзрушанасць паступова ўляглася, саступіўшы месца іншым думкам-турботам.

Расселіна тым часам, як глыбачэзны крывы калідор, патроху вузеючы, вяла і вяла іх угору. Амаль не спыняючыся, яны лезлі па яе дну ўжо гадзіны з чатыры, калі не болей. Стала зябка і сыра; мусіць, ад вышыні, бы ватай, патроху закладвала вушы. Сонца так ні разу і не заглянула сюды; урэшце знік, захінуты аблокамі, зіхатлівы блакіт угары — клочча шызага туману, чапляючыся за верхавіны скал, хутка паплыло над расселінай. Аднекуль падзьмуў моцны парывісты вецер, пахаладнела так, што не дужа грэла і хада. Яны не маглі тут агледзецца, убачыць, ці далёка адышліся ад горада, але Іван адчуваў, што забраліся высока, іначай не прабіраў бы так холад. I ўсё ж скуранку з загорнутым у ёй хлебам хлопец нёс ненадзетай. Ён разумеў, што галоўнае яшчэ наперадзе, што пахаладае яшчэ болей, магчыма, прыйдзецца ісці па снезе. Праўда, аб сабе ён не дужа клапаціўся, ён мог бы ісці і шпарчэй. Хоць і замарыўся і балелі падбітыя на камянях ногі, але быў яшчэ здатны на болыыае — каторы раз выручала хлопца яго немалая прыродная дужасць, непераборлівасць да ўмоў жыцця і, вядома, суровая армейская загартоўка. Колькі ўжо разоў было на вайне і ў палоне, што іншыя выбіваліся з сіл, падалі і прыставалі ад голаду, стомы, бяссонніцы, а ён трываў. Ён пачаў ужо думаць, што як-небудзь адолее і гэтую бяду, пяройдзе хрыбет (не можа быць, каб не перайшоў), абы толькі быў жывы — стрывае, сцерпіць усё: на волі — не ў лагеры.

Вось толькі Джулія…

Хоць яна з прыкметнаю рупнасцю лезла за ім і цяпер амаль не адставала, але ён, раз-пораз спыняючыся, падазрона і насцярожана паглядваў на яе. Чуйна прыкмячаючы ягоную ўвагу, дзяўчына кожны раз слаба ўсміхалася, відаць было, старалася рабіць выгляд, што ўсё добра, што яна не баіцца і яшчэ мае ў запасе сілы. Аднак неўласцівая для яе парывістай натуры замаруджанасць рухаў яскравей за ўсё сведчыла аб немалой яе стоме.