Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 24

Васіль Быкаў

Іван амаль вырваў яе з рук чалавека і ў апошні раз зірнуў яму ў вочы. Хлопец зразумеў — гэта была чорная няўдзячнасць, рабаўніцтва, гэтым ён у выпадку няўдачы ставіў пад шыбеніцу і яго, але інакш было нельга.

Ён пабег у сасоннік, дзе мільганула паласатая постаць Джуліі, і, ужо адбегшы, азірнуўся — аўстрыяк усё стаяў на ранейшым месцы, у падцяжках зверху шэрае світкі, і, апусціўшы рукі, глядзеў ім услед.

8

Паспець далёка адбегчы, аднак, было ўжо не так лёгка.

Ужо цераз якую чвэрць гадзіны абое яны дыхавічна раскрылі раты, змакрэлі ад поту, крокі іх сталі кароценькія і зусім знямоглыя. Сасоннік тым часам скончыўся. Яны выбеглі на травяністы пахілы ўзгорак; тут, пэўна, праходзіла верхняя мяжа лясоў, і далей высіліся адны рудавата-запляснелыя скалы, глыбы камення, ды ўдалечыні, у самым небе, млеў шэры, як крыло курапаткі, прысыпаны снегам хрыбет. Пад’ём стаў яшчэ болей круты, наперадзе ж паўстала голая скальная сцяна, падбягаючы да якой Іван зразумеў, што ўзлезці наверх тут не ўдасца. Тады ён збочыў і пабег па-над гэтай гіганцкай загародкай, шукаючы якой здатнай для сховы мясціны. Ён дужа сумняваўся наконт аўстрыяка, ад якога цяпер можна было чакаць рознага. «Толькі б не сабакі, толькі б не сабакі…» — думаў хлопец, выразней за ўсё на свеце разумеючы, што калі немцы пойдуць па іхнім следзе з сабакамі, то ім ужо не ўцячы.

Бегучы так па адхоне, ён усё пазіраў уніз — там як на далоні відаць стаў увесь гэты лясісты адхон: змрочная цясніна, дзе яны прабылі ноч, сасоннік, збоч якога тулілася, пэўна, леснікова сядзіба — дом з высокім каменным франтонам і галерэямі ўздоўж сцен. Ён усё чакаў убачыць там матацыкл і немцаў, але, відаць, тыя спазняліся, і ля сядзібы было глуха і пуста. Не відаць было і лесніка. Пэўна, змораны і збянтэжаны, ён яшчэ не падняўся знізу. У гэтыя некалькі кароценькіх і напружаных хвілін хлопец страшным унутраным праклёнам памянуў тых, праз каго ён мусіў рабіць такое. Ці ён які рабаўнік, ці злыдзень, навошта б спыняць яму гэтага мірнага таўстуна, настаўляць на яго пісталет, тым болей рабаваць, калі б не фашызм, не вайна, не палон з тысячамі пакут і зняваг, якія прычынілі нацысты. Яны вымусілі яго і на гэты рабунак, і таму ён яшчэ болей ненавідзеў іх.

Тым часам, мінаючы вялізныя камяні на травяністым доле, яны ўзбеглі на ўзлобак і ўбачылі непадалёк у сцяне вузкую, як шчыліна, расселіну, якая вяла некуды ў нетры гэтай камяністай грамады. Іван аж узрадаваўся, падумаўшы, што там, магчыма, будзе ручаіна, якая дасць заблытаць ад сабак сляды. Ды і самім, адчуваў ён, трэба куды-небудзь хавацца, бо з кожнай секундаю ззаду маглі з’явіцца немцы. Хлопец з апошніх аслабелых сіл прыпусціў па траве, за ім пакутна, але цярпліва трываючы стому і страх, бегла Джулія.

Абадраўшы ў калючых зарасніках рададэндрану ногі, яны неўзабаве прадраліся ў расселіну, але ручая, на жаль, у ёй не аказалася. Тут панаваў сыры, душны змрок. З крутых камяністых сцен тапырыўся калючы кустарнік, у шчылінах і між камянёў раслі хамлакі жорсткай травы, валяліся старыя косці; спалоханая людзьмі, з фыркатам кінулася ў глыб шчыліны нейкая начная птаха. Вельмі няўтульнай здалася ім гэтая расселіна, але тое, што яны ўсё ж паспелі дабегчы да яе і схавацца, крышачку супакоіла Івана. Хлопец прыпыніў бег, узлез на пахілую абамшэлую каменную пліту і прычакаў Джулію. Для раўнавагі перабіраючы ў паветры адною рукой, дзяўчына па камянях ішла да яго. Кароткія яе чорныя валасы зблыталіся, твар гарэў ад стомы і ажыўлення, але ў вачах, калі яна зірнула на Івана, замест звычайнае яе гуллівасці цяпер свіціліся збянтэжанасць, стома і ўнутраны боль.