Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 13

Васіль Быкаў

— Чісто! — недарэчна зблытаўшы націск, кіўнуў ён на бот.

Іван, вядома, зразумеў, чаго ад яго хацелі (гэта было тут не ўпершыню), але на хвіліну трохі разгубіўся ад нечаканасці і якую секунду прамарудзіў. Аднак Зандлер чакаў з пагрозлівай скамянеласцю на сківістым твары, доўга марудзіць не выпадала, і хлопец апусціўся ля яго ног. Гэта было зняважліва, абразліва, у душы ён з усяе сілы зацяў, быццам каленам прыдушыў, непакорлівы, такі недарэчны тут гнеў.

Нізка сагнуўшыся, ён чысціў напятымі рукавамі свае паласатае курткі. Боты былі новыя, хромавыя, відаць, акуратна наваксаваныя ўранку, і хутка галоўка першага стала горача адбіваць сонца. Неўзабаве ён і ўвесь заблішчаў, толькі ў ранце яшчэ засталася рэшта пылу ды на самым наску ніяк не адціралася свежая драпіна. Камандафюрэр тым часам, пстрыкнуўшы запальнічкай, прыкурыў, схаваў у кішэнь партсігар, на Івана дыхнула пахам цыгарэты — гэта пакутна раздражніла абанянне. Пасля ён, здаецца, атрос попел — на стрыжаную хлопцаву галаву пасыпаліся іскры, нейкая недагарэлая парушынка балюча апякла шыю. Гнеўная сіла ахапіла Іванава напятае адчуванне, і хлопец ледзьве стрымліваў сябе, гэтак закарцела ўскочыць, ударыць, збіць з ног, растаптаць гэтага паганца. Але ён чысціў, змагаючыся з сабою і стараючыся як найхутчэй адвязацца ад немца. Толькі той, аднак, не спяшаўся, трымаў выстаўлены бот да таго часу, пакуль ён не заблішчаў увесь ад наска да калена, потым адставіў нагу назад, каб падаць другую.

Іван трохі выпрастаўся і ў кароценькі момант тае перадышкі ўпершыню зірнуў паўз ягоныя боты туды, дзе стаялі, назіраючы за імі, некалькі жанчын-гефтлінгаў. Зірнуў ён дужа ўжо бегла, амаль без ніякай увагі, але раптам штосьці прымусіла яго схамянуцца. Тады ён паглядзеў уважлівей, стараючыся зразумець, у чым справа, і зразумеў. Толькі зараз жа адчуў, што лепш бы праваліцца яму ў зямлю, чымся спаткацца з такою знішчальнай пагардай у такіх вялізных вачах. Чамусьці ён не паспеў заўважыць нічога іншага — ён не даўмеўся нават, быў гэта малады ці, можа, стары твар — той позірк нясцерпным дакорам пляснуў у яго душу. Між тым да ягоных калень саўгануўся другі запылены бот з белаю вапеннай плямаю на халяве. Іван прамарудзіў, немец нецярпліва буркнуў і наском ткнуў яму ў грудзі. I тады ў Іване нешта з таго, што яшчэ дазваляла кантраляваць сябе, зрушылася, пальцы яго выпусцілі рукавы і ўпіліся кіпцюрамі ў далоні. Адным імпэтным рыўком ён ускочыў на ногі, падхоплены гнеўнай сілай, якой да нестрыванага цяжару наліліся кулакі, і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Гэта здарылася так нечакана і так хутка, што ён аж здзівіўся, убачыўшы, як матлянуўся перад ім белы кадыкасты падбародак Зандлера, як зляцела з ягонай галавы фуражка і эсэсман тупа пляснуўся на бетонны дол цэха.