Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 15

Васіль Быкаў

Калі яго везлі ў горад, дык не верылася нават, што яны не жартуюць, — такія гэта былі звычайныя вясковыя хлопцы, без злосці, ляніва лаяліся на зразумелай мове, былі апрануты ў простыя сялянскія кашулі і пінжакі і, апроч драбавікоў, не мелі іншае зброі. Толькі ў таго, што быў з белай павязкай на рукаве, вісеў на плячы карабін. Такім жа карабінам быў узброены іхні начальнік Грыць.

I цяпер вось горы — Лахтальскія Альпы — невядомы, загадкавы, ніколі не бачаны край, і ў ім — маленькая трудная надзея вырвацца на волю, дайсці да сваіх.

Іван дужа стаміўся, і ў такі час, калі пачаў ужо прыглядацца, дзе б адпачыць, ззаду штось глуха стукнулася, па абрыве пасыпалася каменне. Ён азірнуўся — дзяўчына, абапершыся на рукі, ляжала на адхоне і, здавалася, не спрабавала падняцца. Тады і ён спыніўся, разагнуўся, перавёў дых, пачакаў. У расселіне цямнела. Зверху, амаль што нячуйны, сыпаўся дробненькі, як пыл, дожджык-імжака; каменне навокал ужо ледзьве шарэла; бязладнымі касмылямі чарнелі ўгары хваіны; абцяжаранае змрокам і непагаддзю, нізка асела неба. Мокрая вопратка, нагрэтая пры хадзе, злёгку парыла, і ўзмакрэлую спіну — варта было спыніцца — скаланалі дрыжыкі. Ён бачыў воддаль у змроку цёмны паніклы сілуэт сваёй спадарожніцы, ледзьве прыкметныя рухі яе галавы і нерухомыя, голыя да локцяў рукі — яна не ўставала. Тады ён, пераадольваючы неахвоту, сышоў уніз, сунуў за пазуху браўнінг і, нагнуўшыся, за падпахі асцярожна прыпадняў яе лёгенькае, тонкае цела. Яна заварушылася пад яго рукамі, села, не падымаючы галавы, і ён, пастаяўшы, з самотай падумаў, што прыйдзецца, відаць, на тым скончыць першы свій пераход і заначаваць у гэтым распадку.

Ён агледзеўся навокал — з аднаго боку крута ўгору падымалася нагрувашчанне скал ды камення, з другога схіл губляўся між змрочнае масы сасняку ўнізе — адтуль поўз і поўз угору змрочны, сыры туман. Ужо не згледзець было, якая там глыбіня, — толькі недзе далёка ў шызай парнай цішыні булькатаў ручай.

Іван крануў яе за плячо, даючы тым знак пачакаць, а сам адышоўся далей, зноў паўзіраўся ў змрок, — у адным месцы скала ўгары трохі навісала над камяністым адхонам, утвараючы схованку. Схованка, вядома, была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата, але здарожанаму чалавеку абы якое ўкрыццё над галавой.