Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 11

Васіль Быкаў

Так выказалі яны свае адносіны да таго, на што наважыліся, апроч хіба Срэбнікава, які, прывычна пакашліваючы, стаяў збоч, ля земляной сцяны, ды яшчэ Івана. Срэбнікаў з самага пачатку ўсю гэтую задуму прымаў без энтузіязму: вядома, чалавеку ўжо мала было радасці нават у выпадку ўдачы — хутчэй за лагерны рэжым і рэпрэсіі яго дабівалі сухоты. Іван жа Цярэшка быў проста маўчун і не любіў залішне гаварыць там, дзе і без таго ўсё было ясна.

Галадай тым часам абцёр далоні аб матрацна-паласатыя штаны і зірнуў на людзей — вядома, завадатарам усяго тут быў ён.

— Хто ўдарыць?

На секунды яны ўсе прыціхлі, утаропілі ў дол позіркі, ніякавата абмацваючы імі доўгую сігару паўтоннае бомбы з разгоністымі драпінамі на зялёных баках. Ад гэтага, мабыць, самага найбольшага клопату ўсім стала няёмка. Засяродзіўся невясёлы, з сівым шчаціннем на запалых шчоках Янушка; знерухомела, прытушылася нервовая рашучасць у зыркіх вачах Жука; Срэбнікаў дык нават аж перастаў кашляць, апусціў уздоўж плоскага, як дошка, цела рукі, і погляд яго стаў зусім ужо нясцерпна тужлівы. Відавочна было, што пытанне гэтае, аб якім з самага пачатку ўсе думалі, турбаваліся і маўчалі, пакутна вырашаючы кожны пра сябе, прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум.

Буйнатварае аблічча Галадая, аднак, выражала суровасць і няўхільную рашучасць.

— Дабравольцаў няма, — змрочна заключыў ён. — Тады пацягнем.

— Ага. Так лепш, — страпянуўся і падступіў бліжэй да завадатара Жук.

— Што ж, пацягнем, — пагадзіўся Янушка.

Стрымана, але, здаецца, з палёгкай кашлянуў Срэбнікаў. Цярэшка моўчкі адным ударам увагнаў у зямлю канец ломіка. Але Галадай, ляснуўшы сябе па сцягне, зазначыў:

— Пацягнеш тут… Ні запалкі, ані саломіны.

Ён роздумна азірнуўся і схапіў з кута важкую, на доўгай ручцы кувалду.

— Значыць, так. Бяры вышэй.

I, прысеўшы, абхапіў ручку ля самае кувалды. Чацвёра іншых таксама падаліся да яго, нагнуліся, сышоўшыся ў купу галовамі. Вышэй ад Галадая ўзяўся рукою Жук, над ёю сашчапіліся вузлаватыя Янушкавы пальцы, затым — далонь Срэбнікава, за ёй шырокая Цярэшкава пяцярня, пасля зноў Галадаева, Жукава, Янушкава, і калі над пляцёнкаю рук застаўся маленькі кончык тронка, за яго павольна ўзялася дрыготкая, потная рука Срэбнікава.

Усе з палёгкаю выдыхнулі, падняліся і, пастаўшы ля сцен, з паўхвіліны стараліся не глядзець адзін на аднаго.

Галадай працягнуў кувалду таму, хто павінен быў з ёю памерці.

— Так што па справядлівасці. Без абману, — па-ранейшаму грубавата, але з ледзьве прыкметнаю ноткай спачування сказаў ён.

Срэбнікаў чамусьці перастаў кашляць, хіснуўся, узяў тронак кувалды, моўчкі павярнуў яго ў руках, паспрабаваў пераставіць і апусціў. Яго самотныя вочы падняліся на хлопцаў.

— Не разаб’ю я, — ціха, голасам асуджанага, сказаў ён. — Не пасілю.

Усе зноў прыціхлі. Галадай гнеўным позіркам бліснуў на дахадзягу.

— Ты што?

— Не разаб’ю. Сілы ўжо… мала, — сумна растлумачыў Срэбнікаў і трудна, надрыўна закашляўся.

— Ну і ну! — плюнуў Жук. — Вілі-вілі вяровачку.