Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 12

Васіль Быкаў

— Што ж… Вядома, дзе яму разбіць… Аслабеў, — гатовы быў пагадзіцца з тым, што адбылося, Янушка.

У Цярэшкі ўнутры быццам перавярнулася штось: хоць ён і разумеў, што Срэбнікаў гаворыць праўду, але такая нечаканасць азвалася ў хлопцу гневам. З хвіліну ён пільна і нялёгка спадылба глядзеў на няўдаку Срэбнікава, штосьці рашаючы сам сабе. Памерці, вядома, ён не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю (адзін раз дайшоў амаль да Жытоміра). I тым не менш у жыцці, аказваецца, бываюць моманты, калі мала ўсёй накопленай за гады вытрымкі, каб перажыць адну хвіліну няёмкасці. I ён ступіў да Срэбнікава.

— Дай сюды…

Срэбнікаў здзіўлена лыпнуў самотнымі вачыма, падатна разняў пальцы на ручцы. Цярэшка пераставіў кувалду і раптам закамандаваў насцярожаным, крышку збянтэжаным ад гэтае замінкі голасам:

— Ну, чаго сталі? Бярэм! Чаго чакаць?

Суровы Галадай, нервовы Жук, заклапочаны Янушка з кароткім недаўменнем зірнулі на яго і, унутрана ажывеўшы, падступілі да бомбы.

— Узялі! Жук, вяроўку! Лагі давайце! Куды лагі падзелі? — з ненатуральнаю гаманлівасцю распараджаўся Цярэшка і ў пошуках загадзя прыпасеных палак выглянуў з ямы.

Хлопцы, мусіць, згледзелі, як здрыгануўся ягоны позірк, і адразу абмерлі побач, а Цярэшка, прадчуваючы бяду, паволі выпрастаўся на ўвесь рост і знерухомеў.

Зводдаль ад ямы ў пыльным патоку касых праменняў стаяў камандафюрэр Зандлер. Ён пільна глядзеў сюды, іх позіркі сустрэліся, і Зандлер кіўнуў галавой:

— Ком!

Цярэшка ціха сам сабе вылаяўся, адставіў пад сцяну кувалду і хуценька (марудзіць у такім разе было небяспечна) па адхоне вылез на раскіданую вакол ямы зямлю. Ззаду насцярожана прыціхлі, стаіліся хлопцы.

У пыльным, пустым з гэтага канца цэху (баючыся неўзарванае бомбы, немцы перш-наперш павывалаквалі адсюль станкі) было душна, скрозь з пабітага даху струменілі на дол пыльныя промні паўдзённага сонца. У другім разбураным канцы гэтага вялізнага, як ангар, збудавання, дзе разбірала завалле каманда жанчын з сектара «С», снавалі, варушыліся дзесяткі людзей з ламаччам, насілкамі, па насланых на доле дошках ганялі гружаныя друзам тачкі.

Зандлер стаяў на праходзе, збоч ад вялізнага лапіка святла на бетоннай падлозе, і, заклаўшы назад рукі, чакаў. Цярэшка хуценька збег з кучы зямлі, драўляныя калодкі яго гучна праляскалі і сціхлі — хмурачы шырокія бровы, ён спыніўся за пяць крокаў ад Зандлера, якраз на асветленым месцы падлогі. Эсэсавец, вынесшы з-за спіны адну руку, тузануў пальцамі шырокі казырок фуражкі.

— Ві іст міт дэр бомбэ?

— Скора. Бальд, глейх, — ваўкавата адказаў Іван.

— Шнэлер гінаустраген!

Зандлер падазрона зірнуў у бок ямы, з якой тырчалі насцярожаныя галовы хлопцаў, пасля выпрабавальна — на Івана; той стаяў, па-салдацку падабраўшыся целам, гатовы да ўсяго: мішэні на куртцы вымушалі яго чакаць рознага. Вачыма ж ён пільна ўглядаўся ў зыгалены, прыемна загарэлы твар немца, мабыць, ненамнога старэйшага, чым ён, поўнага ўсведамлення ўлады і арыйскае годнасці. I ў той жа час бакавым насцярожаным позіркам хлопец пільнаваў кожны рух ягоных пагрозлівых рук. Воддаль, на другой палавіне цэха, дзве жанчыны ў паласатым убранні паставілі на дол насілкі і, мабыць, зацікаўленыя, пужліва чакалі, што будзе далей. Але немец, слізгануўшы позіркам па Іванавай падабрана-настырчанай постаці, якая знешне выражала гатоўнасць да дзеяння, відаць, зразумеў гэта па-свойму і не выказаў падазронасці. Не маючы якой іншай патрэбы да гэтага флюшункта, ён ступіў да яго свежазапыленым ботам.