Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 4
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
А ў горадзе і сам Люцыпар зламаў бы нагу. Горад захлынаўся ў барацьбе партый: анархіствуючыя бандзюкі, максімалісты, высокаідэйныя бундаўцы, сволач з рабочага сіёна, — усё гэта, напалову ў падполлі, напалову на паверхні, гарлапаніла, агітавала, страляла ў спіну ідэйным ворагам і смярдзела на ўвесь свет.
Вуліцамі было небяспечна хадзіць: анархісты з ідэйных меркаванняў распраналі людзей. Таму Арсень, увесь час чуючы за сабою цяжкія крокі Шлыка, уздыхнуў з палёгкаю, дабраўшыся да асабняка, дзе ім трэба было кватараваць.
Аднапавярховы дом у стылі правінцыяльнага барока з васьмю калонамі прыткнуўся ў глыбіні саду. Даўно нячышчаная дарожка вяла да ўвахода, і бэз, сплятаючыся над ёю, утвараў дрыжачы ад ветру, вільготны змрок.
Сэрцападобнае, мокрае ад расы лісце слаба паблісквала ў цемры… Без асаблівых перашкод яны прайшлі бакавым уваходам і апынуліся ў поўнай цемры. Арсень паткнуўся туды, паткнуўся сюды, пачуў, як гаспадарлівы Шлык чыркнуў запалкай і вылаяўся, апёкшы пальцы.
Арсень кінуўся ў ягоны бок, зваліў нешта і не вытрымаў, крыкнуў:
— Гэй, людзіі
Проста перад ім зарыпелі дзверы, і ў цемры заззяў жоўтым святлом цьмяны прамавугольнік, а ў ім чалавек, што, распасцёршы рукі, абапёрся імі на вушакі, як распяты. 3-за яго спіны пазірала на Арсеня нешта нама-ляванае — пачварнае, у імхах.
Воўкаў рушыў было да чалавека і адхіснуўся. Злева, з цемры, глядзелі на яго нечыя тужлівыя, — па яблыку, — вочы.
Чалавек засмяяўся і ўзяў свячу, углядаючыся ў тых, што ішлі да яго з цемры. Твар абліўся мядзяным сяйвам, у вачніцах заляглі глыбокія цені. Ён зірнуў на вочы, якія напужалі Арсеня, і сказаў:
— Ріeta!
Памаўчаў і растлумачыў:
— Плач. Маці Божая плача над сынам.
Тут і Арсень пабачыў цьмяна асветленую, вялікую, у рост чалавека, статую. Са скрухай, журботна глядзелі на яго жаночыя вочы, як быццам пытаючы: " Сыны, што ж вы зрабілі з сынам маім?"
Арсень скалануў галавою і падаў чалавеку ордэр. Шлык узяў з рук чалавека свечку, каб той мог разгарнуць паперу і прачытаць.
- Я Маеўскі, - сказаў чалавек, — заходзьце. Толькі ў мяне абодва пакоі загрувашчаны рэчамі. Я і сам сплю на стале, так што раскошы не будзе.
- Нічога, мы як-небудзь, — сказаў Воўкаў.
Шлык тым часам вадзіў свечкай у розных напрамках, асвятляючы "Ріeta", і раптам спытаў жорсткім голасам:
— Ты што ж гэта, грамадзянін, паставіў тут гэтую дрэнь?! Рэлігійную прапаганду разводзіш? Опівум для народа?
— Гэта не дрэнь, малады чалавек, — халодна сказаў Маеўскі, - гэта работа семнаццатага стагоддзя. Продкі яе для вас рабілі, калі нават дзеда вашага на свеце не было.
I працягнуў у пакой руку.
— Прашу.
— Просіш не просіш, а мы зойдзем, — сказаў Юстын, прыкметна раззлаваны абыякавым тонам Маеўскага.
Зайшлі. Вялікі пакой здаваўся вельмі цесным. Толькі пасярэдзіне заставалася вольнае месца, усё астатняе было застаўлена скульптурай, нейкімі вазамі, карцінамі ў рамах і без рам. Проста перад новымі кватарантамі ляжалі на падлозе павержаныя сталёвыя даспехі, за імі, у вітрыне, бачныя былі пішчалі, шаблі, мячы, бязладна нагрувашчаныя ў кучу.