Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 3
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
— Траханулі белую сволач, — прыемным барытонам сказаў Шлык.
Селі. Кандратовіч скруціў вялікую "сабачую ножку", пусціў хмару едкага дыму.
— Ты, Воўкаў, гімназіст былы?
— Так.
— Ну, значыцца, здолееш усё растлумачыць як трэба.
Надсадна забухаў. Пасля яшчэ раз дапытліва згледзеў Арсеня і рашуча сказаў:
— Справа, хлопцы, вось у чым. Разведка даносіць з доляй пэўнасці, што рыхтуецца контрнаступленне. Ведаем, што падышла да іх сіла-сіленная: дадатковыя аэрапланы, танкі, англійская зброя. Мабілізацыя ідзе поўным ходам. Усё падмялі. Паэтаў і тых мабілізавалі, гімназістаў, студэнтаў. Пад Варшавай умацаванні будуюць. А абараняць іх будуць, акрамя рэгулярнага войска, жаночы полк (Юстын хмыкнуў), полк імя Сабескага й полк "Дзеці Варшавы". Бачыце, да чаго дайшло.
— Гэтых размалоцім, — сказаў Шлык.
— Размалаціць не штука. Але чым? Зброі няма. Па дзесяць снарадаў на гармату, патронаў мала. Знясілелі мы… Акрамя таго, некаторых людзей з камандавання я асабіста расстраляў бы за патэнцыяльную здраду… Горш за падлу Сарокіна трымаюць сябе.
I прыстукнуў далонню па стале.
— Дык вось, дні праз тры разам з ім паедзеце да Леніна. Павезяце даклад аб становішчы ў заходніх губернях. Яму трэба ведаць усё, як яно ёсць. I што на фронце, і што ў стаўцы, і што на сяле, і як справы з хлебам.
I кінуў са злосцю:
— Хрыстом-Богам, якога, вядома, няма, прашу вас, браткі. Паразмаўляйце асабіста з Уладзімірам Ільічом. Рабіце, што хочаце, але каб зброя была. Павінна знайсціся, іначай нам — гамон. Я пабойваюся, што і зараз пазнавата.
Арсень сказаў проста:
— Будзе зроблена, Кандратовіч.
Той ужо шкрабаў нешта на шматку паперы. Устаў, сунуў шматок у руку Шлыку.
— Начаваць няма дзе? Паставім да аднаго буржуя непадалёку. Ушчыльнім яшчэ трохі. У яго засталося два пакоі.
— Хто такі? — спытаў Арсень.
— Маеўскі.
— Хто? Гэты мільянер? Лесапрамысловец?
— Угу. Мы яго не чапаем пакуль. Здаецца, няшкодны.
I Кандратовіч зірнуў на Шлыка.
— Хоць некаторыя і кажуць адваротнае… А мне цяжка яго абараняць… I не ведаю, ці варта. Змовы, братка, паўсюль. Стрэлы ў спіну. На поўдні губерні — мяцеж. I ведаю — іхняя рука дзейнічае. Ну, ідзіце.
ІІ
Усю дарогу да кватэры Арсень Воўкаў думаў над апошнімі словамі Кандратовіча. Становішча сапраўды было трывожным.
Голад гуляў абшарамі краіны, свістаў у пустыя вокны заводаў, еў карэнні лопуху без солі і цыбуліны чароту.
Брат ішоў на брата, краіна раздзіралася ў міжусобнай вайне. Мяцеж успыхваў то на поўдні, то на поўначы. Па самых скромных падліках колькасць бандытаў трэба было вызначыць у дзесяць — пятнаццаць тысяч чалавек.
На захадзе буялі шабля і агонь, мяшаліся ў адзін бязладны лямант крыкі "ўра!", "слава!", "віват!" і д'ябал яго ведае што яшчэ.
Біліся, знемагаючы, як у стэпах палавецкіх. Сяклі, стралялі. Кідаліся, пазбаўленыя коннікаў, шалёныя коні. Ім бы зямлю араць, а яны замест таго хапалі жоўтымі зубамі варожых коней, сцягвалі за нагу коннікаў, пранізліва гігаталі.
А гаспадары іхнія падалі ў бадзякі і, як чырвоныя бадзяковыя шапкі, - і яскравей іх, — гарэлі ў чартапалоху, на пыльных травах, кроплі крыві.