Читать «Інтэрв"ю» онлайн - страница 10

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— З вершаў пачынаюць многія. І толькі ў рэдкім выпадку чалавек пачынае з прозы, а потым прыходзіць да вершаў. Як, напрыклад, Міхась Стральцоў (хоць і гэта я не магу сцвярджаць з абсалютнай дакладнасцю). А магчыма ён пачынаў з вершаў, ды я гэтага не ведаю. Пісаць вершы ў пэўным сэнсе прасцей. Прозу наўрад ці пачне пісаць трохгадовае дзіця, але яно зможа напець верш пад які-небудзь рытм. Дастаткова ўспомніць кнігу Карнея Чукоўскага "Ад 2 да 5".

І літаратура пачыналася, мабыць, з верша — з магічнага заклінання. Нават у першых легендах, паданнях існавалі ўзоры рытмікі. Эпас усіх народаў — не што іншае, як паэзія. Хоць у ім сустракаюцца празаічныя ўстаноўкі, калі гаворыцца аб заведама празаічных рэчах.

Зрэшты, маім літаратурным дэбютам былі дарожныя запіскі "Вязынка", змешчаныя ў зборніку "Янка Купала", які выйшаў у 1952 годзе. Гэта была ў нейкай ступені выпадковая з'ява. Вершы я не пакідаю пісаць і цяпер, хоць аддаю гэтаму менш часу. Але выданне яшчэ аднаго-двух зборнікаў лічу магчымым.

— У адным з артыкулаў, прысвечаных вашай творчасці, указвалася, што "малады паэт празмерна захапляецца гістарычнай тэматыкай". З той пары прайшло дваццаць гадоў. Ваша імя чытачы звязваюць сёння ў першую чаргу з такімі творамі, як "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Чым вы растлумачыце такую цікавасць да гістарычнай тэматыкі?

— Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам. Кімсьці справядліва заўважана: "Хто забывае мінулае, той павінен будзе перажыць яго яшчэ раз".

Гісторыя — метад мыслення чалавека. Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэліруе грамадскія працэсы.

У рабоце над кнігамі на гістарычную тэму шмат часу прыходзіцца праводзіць у архівах і бібліятэках. Акрамя таго, багаты матэрыял даюць вусныя легенды, якія часта пацвярджаюцца затым дакументамі. Так было з маім "Паромам на бурнай рацэ". Яго змест — гэта пралог майго рамана "Нельга забыць". Размова ў ім ідзе аб паўстанні 1863 года ў Прыдняпроўі і пакаранні смерцю кіраўніка паўстанцаў Тумаша Грыневіча. Я лічыў, што гэта ўпрыгожанае мясцовае паданне. А пазней у Кракаве былі знойдзены дакументы, якія пацвярджаюць рэальнасць тых падзей. Іх драматызм і асабістая зацікаўленасць прыцягнулі маю ўвагу да гэтай яркай старонкі ў гісторыі нашай беларускай зямлі.

— Шмат розных водгукаў выклікаў ваш раман "Нельга забыць", надрукаваны ў часопісе "Полымя" за 1965 год. Якое месца ў сваёй творчасці адводзіце вы гэтаму раману?

— Гэты раман быў надрукаваны ў часопісе "Полымя" ў скарочаным выглядзе. Асобнай кнігай на беларускай мове ён пакуль не выйшаў. Сапраўдная яго назва "Леаніды не вернуцца да Зямлі". Пад такой назвай ён і быў выдадзены на чэшскай мове ў 1975 годзе. Выйдзе раман і на беларускай мове. А пакуль гэтага не здарылася, меркаваць аб яго значэнні цяжка.

— Уладзімір Сямёнавіч, у кожнага пісьменніка ёсць творы, асабліва дарагія яму па той ці іншай прычыне…