Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 8

Ніл Гілевіч

1983

* * *

Каменні ляцяць на дарогу. Аднойчы якісь не міне. Каму я паплачуся? Богу? Дык ён... ці пачуе мяне? Паклёпы з начынкаю яду Кладуць і кладуць на чало. Каму я паскарджуся? Д'яблу? Яшчэ не хапала чаго! Ёсць добрыя людзі — я ім бы Паплакаўся трохі, але ж — У іх над галовамі німбы Уласных пакут. Ім не лепш! Не волен я горкай гадзінай Цяжар свой на ix ускладаць. Дык што ж застаецца, Радзіма? Ты можаш параду мне даць? І чую я голас, падобны На голас матулі маёй: «Будзь дужы, будзь мужны і добры, Не бойся натхнёных хлуснёй. Адрынь іх суды-перасуды. І чорнай не вер варажбе. Хай свеціць заўсёды і ўсюды Маё блаславенне табе!» 1985

Палыновая ростань

Знаю: мне не вяртацца Гэтым шляхам ніколі — На апошнюю ростань, На спатканне з былым. Белай стужкай дарога Раскацілася ў полі, А па ўзбоччы дарогі — Толькі шызы палын. Ад запозненай мары, Ад шчаслівай трывогі Мне навек застанецца Сумна-горкі ўспамін. Сонцам плавіцца далеч, Дзень самлеў ад знямогі, А па ўзбоччы дарогі — Толькі шызы палын. Заўтра недзе далёка Ты ўсміхнешся міжволі: Неба нізкім не стала, Свет не здаўся малым... А мая мне дарога — Белай стужкай у полі, А па ўзбоччы дарогі — Толькі шызы палын. 1973, 1986

Пра сініц і экзотыку

Сыдзе імпэт, і былое Моцы не стане ў радку — Буду лавіць у сіло я Сумных сініц у садку. Кажуць, зашмат развялося Іх на сядзібе ў мяне, Ды — не чутно весялосці, Радасці ў іх гамане. Буду садзіць іх у клеткі, Буду насіць на базар. Гэй, беларускія дзеткі, Ці не для вас мой тавар? Не канарэйкі, вядома, Не папугаі, а ўсё ж — Будзе вам песенька дома, І — задарма, ні за грош. Ну, а як знойдзецца скептык — Скажа, нібыта няўзнак: «Можа, тавар i не з кепскіх — Не экзатычны, аднак!» Так адкажу я: «Васпане! Як не зыначыцца час — Гэтая птушачка стане Найэкзатычнай у нас...» 1986