Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 6

Ніл Гілевіч

На ўзгорку пясчаным..

На ўзгорку пясчаным цвіце жаўтазель — На брацкай магіле дзяцей партызанскіх. Стаю і гляджу, як па кветках зіркастых Блукае маленства далёкага чмель. Мы разам раслі тут — пад небам адным: Смяяліся, плакалі, песні спявалі... Той смех спапялілі, той спеў расстралялі, А плач — уцалеў: ён у сэрцы маім. 1983

Вы думалі..

Вы думалі, што я сабраўся ў скачках Прымаць удзел? Каб верны мне мой конь, Апанаваны скакавой гарачкай, Ляцеў за некім шустрым наўздагон? Ну што вы, што вы! Хіба я — наезнік? I хіба конь для скачак у мяне? Яго прызванне — плуг цягнуць жалезны, Мае — ступаць услед па баразне. 1983

Замест малітвы

Калі ёсць ты, лёс мой, нада мною, Аб адным прашу я: не дазволь У міры з няпраўдай і хлуснёю Дажываць мне век на свеце свой. Не аддай душу ў няволю гномам — Узбунтуй, растурзай, распалі, — Каб у ёй агні-маланкі з громам Жыхалі ад неба да зямлі! 1983

Выпадковы госць

Салон у стылі найнавейшым, Прытворны смех і гамана. Ці не пара паслухаць вершы Пад гэту пеністасць віна? Ах, вось чаго сюды я званы! Каб вершам слых паказытаць. Каб праз саломку пунш духмяны Яшчэ смачней было смактаць. О не, мадам! Для насалоды Ён не прыдасца, верш мой, вам. Ён — не салонны, ён — салены. Вы памыліліся, мадам. Прагорклы ён! Прагорк дашчэнту, Як яблык з дзічкі на мяжы, — Звядзе аскома вам пашчэнкі. Чужы мой верш для вас, чужы. Не можа вас ён бестурботна Ні забаўляць, ні весяліць: Яму ад цяжкіх дум журботна, Яму ад горкіх страт баліць. Ён лесам стаў маім у полі, Дзе ў горле пыл, дзе пот — цурком, Ён хлебу чорнаму ніколі Не зможа здрадзіць ні радком. Прыроднай соллю-гаркатою Зямлі бацькоў павінен ён, Што ёсць і будзе мне святою — Да скону дзён. Да скону дзён... 1983

Аўтографы сяброў

Аўтографы-надпісы вашы, сябры, Чытаю на кніжках падораных — З выказам даверу, павагі, любві, З зычэннямі самымі добрымі. Як многа іх, цёплых i ласкавых слоў, Ад шчырага сэрца напісаных! І колькі за імі пражытых гадоў Жывымі ўзыходзяць абрысамі... Вось гэты згадаў мне аб даўняй вясне З яе маладымі павевамі. Дакорам не стаў ён сівой сівізне — Навек мы, брат брату, паверылі. Вось гэты... о, як акрыліў ён душу, Прыйшоўшы ад майстра ад слыннага — Якраз, калі мне аж калола ўвушшу Ад крыку дурнога аслінага!.. Вось гэтыя — з братняга краю прывёз Як словы прызнання ў прыязнасці. Мне светла ад ix, як ад белых бяроз На ўзлеску асеннім пры яснасці. А гэта — апошні... Гляджу на радкі, Што помню на памяць да каліўца, — І зноў адчуваю той поціск рукі, І сэрца ад болю сціскаецца... Якія магутныя творцы-мужы, Якія нязломныя волаты Пайшлі па той бок векавечнай мяжы Заўчасна, зарана, замолада!.. Жывіце ж да поўнага веку, сябры, Не трацячы моцы і шчырасці! І знайце: нішто нам віхуры-вятры, Пакуль нашы шэрагі ў шчыльнасці!.. Я дзякуй кажу вам ад сэрца ўсяго. Мне вашы дарункі-аўтографы — Як вехі жыццёвага шляху майго. А ён жа не будзе паўтораны... 1983