Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 25

Ніл Гілевіч

* * *

Прачнуўся, змучаны кашмарным сном, Ад каркання вароны за акном. О Божа! Надта ж неяк падазрона Яна крычыць наўпроць акна майго. Аж вусцішна!.. Гэй, ты чаго? Чаго Ты гэтак страшна каркаеш, варона? Замоўч! На карканне тут забарона! 1999

* * *

Ты, Крывія, мой даліцвінскі лёс, Ты, слынная Літва эпохі Вітаўта, Ты, Беларусь, уся з крыві i слёз, Уся калючым цернем апавітая, — Хоць назвы розныя, зямля ж адна, Адной слязою безліч раз палітая, Адной крывёй прамоклая да дна. 1999

Калі б не ты…

Даруй мне ўсё, што можаш дараваць, А што не можаш — памалюся Богу, Мо Ён даруе, перш чым скіраваць Маю душу ў апошнюю дарогу. Мая душа... Якая толькі дрэнь Не сілілася завалодаць ёю! Каб у бязмоўны, безаблічны цень Ператварыць. Каб не была маёю. І, можа, так бы й сталася даўно, Калі б не ты, мой ангел-выратоўца. Калі б не голас твой i не яно — Табе адненькай ведамае слоўца. 1997, верасень

Вы, пэўна, лічыце...

Вы, пэўна лічыце, што ў гэты свет Я i прыйшоў для баявога чыну. О не, сябры! Мне Божы запавет Быў іншы — славіць сонца i жанчыну. Але Радзімы ўкрыжаванай лёс, І для самога Бога неўспадзеўку, Маю душу на барыкады ўзнёс, Дзе і трапечацца яна на дрэўку. 2000

Балада пра горкасць

Пасадзіўшы голенькага ў ночвы, Мама мые сына. Любата! Але вось папала мыла ў вочы — Давяла да плачу гарката. Мусібыць, зайшло занадта шчодра. Мама нагінаецца хутчэй І губамі цёплымі, пяшчотна, Горкасць выцалоўвае з вачэй. «Вось i ўсё, не плач, ужо не есца», — Сплюнуўшы салёны выцмак з губ, Кажа мама. Памяць малалецтва! Памяць першых горкіх страт i згуб! На сцяжынках, роўных і крывенькіх, На шляхах з імглы і з цемнаты — Колькі мне заходзіла пад вейкі Да нясцерпу едкай гаркаты! Колькі блудных крокаў незваротных Зроблена ў жыццёвай мішуры! Колькі любых, дарагіх і родных Адышло ў магілу без пары!.. Думаў: з часам прыцярпеўся, звыкся. Не. Пад вейкамі ўсё больш гарчэй. Неба роднае! Пара! Схіліся І мне горкасць выцалуй з вачэй! 2002, красавік

Запозна, панове…

Як ні прамоўлю — усё неўпапад, Ды так, што ад злосці жыгаламі пораць: Справа — нястомны саліст «дэмакрат», Злева — стагорлы «славянасаборац». Аж дзіўна — як дружна! Аднак жа — за што? Люблю сугалоссе, спакой i свабоду. З-за чорных шор i карычневых штор На свет i людзей не глядзеў ад роду. Ні ў форме палкоўнік, Ні ў штацкім маёр Мяне на кручку не трымаў пакрыёма. І хоць у пакутах сумленне маё — Мне ніцая радасць раба не знаёма. Таму і вар'юе іх вольны мой кліч У матчынай мове, не здадзенай гэрцам. «І ты, галяпуюць, прадайся і ўкленч! І ты адрачыся i станься зняверцам!» Дарма — галяпуюць. І пораць — дарма. Запозна: мяне ўжо дастаць немагчыма. Я — там ужо, там, дзе няволі няма, Дзе толькі свабода, любоў i Айчына. 2003, люты