Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 24

Ніл Гілевіч

Адключаны

Ён сышоў з электрычкі, Спусціўся па сцежцы ў лагчыну І спыніўся чагось. Нібы ўкопаны, стаў і стаіць. Штось забыў? Перадумаў? Ці стала нядобра мужчыну? Задуменна схіліў галаву І пад ногі глядзіць. На зямлі сакавік. Сонца снег ручайкамі свідруе. Вунь як сочацца скрозь, Як імпэтна бягуць i журчаць! Чалавек жа нічога не бачыць, Нічога не чуе. Як сляпы і глухі. На абліччы — няшчасця пячаць. «Як жа ўсё гэта стацца магло? Хто жыццё спанявечыў? Хто й чаму насадзіў — Гэты глум, гэты гвалт, гэты здзек? Хто мне свет збаламуціў — Тады, як, расправіўшы плечы, Я ўжо быў уздыхнуў, Што нарэшце і я чалавек?..» Прыдарожныя вербы Кранаюць заспаныя гуслі. Льецца сонца І соснам на ўзлеску душу маладзіць. А на сцежцы стаіць чалавек І, як курыца ў гузік, Атупела глядзіць у нішто, У нікуды глядзіць. 1999, сакавік

Усё жыццё

Усё жыццё к братэрству зваў — З мальбой удзень, з плачом уночы, І толькі сэрца надарваў, І толькі сплакаліся вочы. А хоць бы хто, а хоць бы дзе Азваўся словам забалелым — У незлічонай грамадзе, У неаглядным свеце белым. Куды ж яшчэ з маёй журбой, З маёй бядой пайсці на споведзь, Каб расказаць, як крыўда-боль Ізноў душу мне есць упоедзь? У цёмны лес пайду і там Апошні раз нагаваруся. Скажу ўсё дрэвам і кустам, Хто ёсць я ў роднай Беларусі. Скажу: «О, дрэвы і кусты, Яшчэ з гадоў маленства мне вы Былі як сёстры і браты, — Маёй зямлі кусты i дрэвы. Пачуйце ж голас-кліч бяды — Пакуль хаджу, пакуль жывы я. Пачуйце! Нават i тады, Калі душа ваўком завые». 1999, красавік

* * *

О, мой любы брат Міхась Зарэцкі, Найадданы Крывіі крывіч, Расстраляны за свой талент рэдкі - За любоў крывіцкую ў крыві! Аб адным, мой брат, прашу цябе я: Покуль свеціць мне ў душу надзея Імем Крывіі багаславі! 1998

* * *

Паэту на допыце вырвалi вока, I вока, з далоні, глядзела шырока На нелюдзяў-катаў — яшчэ не сляпое. — Калі не прызнаешся — вырвем другое... Паэта забілі... А я на свой лёс, На ўсё, што ў жыцці перажыў, перанёс, Гляджу i гляджу ўсё тым вырваным вокам. 1998

* * *

Хоць тут, дзе высяцца ў суседстве цесным Бярозы, сосны, ясені, яліны, А ўверсе — неба праглядае просінь, Дзе ўчуўшы подых ветрыку лянівы, Над сцежкай лісцем кратае арэшнік, А сцежка скінуць чаравікі просіць, — Хоць тут укленч i памаліся, грэшнік! 1998

* * *

Скажы, паэт, ты, што з тугой i болем У далячынь, за небакрай глядзіш: Чаму ты ўсё пра смутак пішаш болей? Чаму радком людзей не весяліш? Ты ж гэта ўмеў! Што сталася з табою? І што ты хочаш выглядзець, скажы, На той — між небам i зямлёй — мяжы? 1998