Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 19

Ніл Гілевіч

Наконт свабоды

Свабода прагна перажоўваць Адрыжку наедзі чужой. Свабода ўесці ядам жоўці Душу, не ўзятую іржой. Што ж, перажоўвай! Справа густу. І жоўцю пырскай. І даводзь, Што гэта так па-беларуску Ідзе свабода ў кроў і плоць. Даводзь, крычы i ўсіх нязгодных Гані-цягні на самасуд. Ты маеш права: ты свабодны І ад віны, і ад пакут. А я — нявольнік ix давечны. Я — іх закладнік да труны. Бо мой Радзіме ліст даверчы Быў без цынізму i маны. Мой боль і ёсць мая свабода, Якой найбольш я даражу. Яна — як ціхая пагода, Што супакой нясе ў душу. 26. ХІ. 1995

Стары паэт

Гавораць: Паэт не бывае старым. Сумнеўная мудрасць, Хоць, можа, і з даўніх. Паэт не бывае нядобрым і злым, Калі ён паэт, А не вершаскладальнік. Старым жа бывае! Калі — дажыве. Старым, і схварэлым, І вельмі самотным. Прыдумае вершык — І тут жа парве. Ат! Дзе яму ўгнацца За новым і модным!.. Сяброў ён растраціў. А новых набыць Не можа. Не здольны. Ён траціць умее. Аб чым ён шкадуе? Аб тым, што пабыць У гэных мястэчках Ужо не паспее. У гэных, Дзе дух беларускі яшчэ Крыху захаваўся — Над Россю, над Шчарай... Нашто яму гэта? Каб трохі лягчэй Было развітацца З няздзейсненай марай. 27.XI. 1995

Крыху споведзі

Вось і яшчэ на год бліжэй да краю. І хоць зычліва келіхі звіняць — Я вам, сябры, зашмат не абяцаю. Як той казаў: пара і гонар знаць. Абнедужэла на сяўбе нялёгкай Не толькі цела, а душа найперш. Вазьму пяро — а сэрца так i ёкне: Ці не апошні выплеснецца верш ? І агартае сум... Як позна-позна! Тады, калі б у самы раз пачаць!.. А ў чортаў млын і сёння ў нас завозна: «Дай! Дай!» — таўкуцца, б'юцца і крычаць. Хоць і мяне нязводныя турботы, Як сабачня, хапалі за крыссё — Нутром я прагнуў і шукаў самоты, І мне яна была мілей за ўсё. З любога свята, вэрхалу і тлуму Хутчэй вяртаўся ў дом сваёй душы, Каб зноў і зноў пакутна думаць думу У цішыні — як у лясной глушы. І дзень і ноч, і дзень і ноч — сам-насам. З адным і тым пытаннем да нябёс: Дык хто ж мы ёсць? Чаму жыццём уласным Мы не жывём? І хто зламаў нам лес? А па-за гэтым роздумам абложным — Плыла, гула, грымела мітусня. І я таксама ў гул пустапарожны Зрываўся, горка плачучы пасля. Хадзіў на выпіўкі, хоць і не часта. У трапатні застольнай не маўчаў. Здаралася, бываў сярод начальства, Але іх ласкі штось не прыкмячаў. Ні крымскіх, ні каўказскіх, ні балтыйскіх, Ні іншых дзесь курортаў для вяльмож — Не бачыў нават. У даверчых спісках Не быў. Душу не прадаваў за грош. Ну, што ж, у век Гіены і Шакала, Дзе і Радзіму аддаюць за штоф, Не стацца юдам — гэта ўжо нямала, І небу дзякаваць мне ёсць за што. 11.1996