Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 17

Ніл Гілевіч

Загадка прыроды

О тая ўночы бліскавіца Над жоўтым зарывам святла!.. Чаму, чаму яна спавіта І стужкай чорнаю была?.. 1993

* * *

Ты кпіш з маіх пакут? З маёй бяды вялікай — Маёй і многіх? Што ж! Пасмейся! Пахіхікай! Цябе не мог праняць Разрыўны боль пякучы. Ты маску зняў — і ўсё: І ўсе твае пакуты!.. 1993

Талісман

Талісман, ты мяне беражы, Беражы, талісман, беражы, І на самым крутым віражы Затрымай на апошняй мяжы. Я так веру ў цябе, талісман! Я цалую цябе, талісман!.. Талісман, ты мяне беражы І мацней да жыцця прывяжы. На зямлі, дзе радзіўся і рос, Дзе паверыў аднойчы ў свой лес, Не аддай у бязвер'е і зман, — Ты адзіны мой бог, талісман!.. Талісман, ты мяне беражы, Беражы і яшчэ паслужы: На развілку дарог у глушы, Дзе бялее рушнік на крыжы, — Пераймі ад кашчавай ганца — Каб я песню дапеў да канца. 25.XI.1993

З эпасу маленства

Штрых да біяграфіі

Зноў стужку памяці кручу — Гляджу сваё маленства. Як страшна хлеба я хачу! Калі яго наемся? Ці на двары стаіць паўдзён, Ці раніца, ці вечар — Чаму я так яму жадзён? Чаму галодны вечна? Вось адвячоркам на грудку, Дзе жніўны дух гарачы, Сястра мне сунула ў руку Малюсенькі акрайчык. Хоць пахнуў паранкай праснак І быў зямліста-шэры — Я і дагэтуль помню смак Сіроцкай той вячэры... Вось у дзічы, пад купай лоз, Ляжу цішком, як мёртвы. А цётка — о, шчаслівы лес! — Дае мне хрушчык з морквы. І я патрошачку зусім Адкусваю з-пад пальца — Каб як мага даўжэй мне з ім, Даўжэй з ім не расстацца... Куды ні ткнуся ў памяць тых Далёкіх дзён мінулых — Усё адзін і той жа штрых, Адзін і той малюнак. З ім да сівых дажыў гадоў. A ў старасці пачэснай — Здаецца... скора буду зноў Жадзён скарынцы чэрствай. 23.XII.1993

Мой гнеў прарос са слёз майго дзіцяці

Панок, што ў нашы дні (хвала харобрым!) Як дысідэнт падаўся на чужыну, Прылюдна збэсціў крык душы збалелай, Што даляцеў здаля, з шасцідзесятых. Шасцідзесятыя... Я помню, помню, Як прыбягаў дадому з горкім плачам Малы мой сын: «Там хлопчыкі ў двары Б'юць кулакамі ў твар мяне за тое, Што я па-беларуску гавару!..» Ён мне крычаў з такою крыўдай гэта І так глядзеў праз слёзы на мяне, Як быццам я ва ўсім быў вінаваты. Я суцяшаў, як мог, малога сына, Як мог, дзікунства хлапчукоў тлумачыў, А на душы ў самога закіпала Святая лютасць: «Ну, чакайце, злыдні, Правадыры шчаслівай Беларусі, Манкуртаў хросныя бацькі! Яшчэ вам Гісторыя належнае аддасць!..» Мой гнеў прарос са слёз майго дзіцяці. І страшна мне было за лес ягоны. Але да ганьбы, ведаў я, не дойдзе: Бацькоўскай мовы не зрачэцца сын! Табе, панок, не зразумець тых слёз, Хоць i равеснік ты майму нашчадку: Яшчэ з калыскі вызвалены быў ты «От грубого, простого языка». Панок!.. А ты часом не быў, прабач, У тым двары i разам з хлапчукамі Мае дзіця за мову не грумячыў? Чаго ж бо так узяў цябе за рэбры Мой успамін пра той дзіцячы плач? 12.III.1994