Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 18

Ніл Гілевіч

* * *

Калі ліхое насланнё Душу мне мучыла І за апірышча сваё Прымаў я чучала, Калі хацеў мяне хаўрус Купіць падманкаю, Каб быў я «тоже белорус» З душой-балванкаю, — Я голас маці ўчуў здалёк — З-за вечнай цемрадзі: «А ты любоў маю, сынок, Пусці паперадзе. Яна не дасць табе пайсці Гнілою кладчынай...» Так і ратуюся ў жыцці Любоўю матчынай. 1994-1995

Лебедзь

На Нарачы, летам, Ішлі мы з табою То хмызам, то лесам Над самай вадой. І там, дзе паўкрутам Трыснёг расступіўся, Убачылі птаха, Занятага вельмі сабой. На камені чорным, Што выткнуўся ледзьве Над бела-блакітнай Раўнечай вады, Як на пастаменце — Фігурысты лебедзь: Прыгожы, паважны І немалады. Ён моцную дзюбу Засоўвае ўпер'е І шчыпле, і шчыпле Сябе па пярынцы Ды так апантана, Няўцямна-зацята, Бы ў муках знявер'я, З адчаю, наважыў Без пер'я застацца... І я не заўважыў, Калі без мяне ты Пайшла па сцяжынцы І ў момант у гэты Застаўся адзін я... На камені чорным. Стаю і зацята Шчыплю па пярынцы — Над люстрам азёрным. Ужо і к абеду, І сонца ў зеніце, А я ўсё стаю І скубу-выскубаю Даўжэзнае пер'е. Скубу і кідаю, Шчыплю i кідаю, Ды так апантана — Няйначай з адчаю, У муках знявер'я. Кідаю астаткі Крылатай аснасткі, З падмогі якой Калісьці ўзляцела І доўга лятала Душа над зямлёй. 1994-1995

* * *

Ніякі рахунак, ніякі разлік Ужо мне не страшны: я збыўся, Айчына. Я марна не згінуў, бясследна не знік. Мяне для цябе ўратавала Жанчына. Ты кажаш, быў варты я лесу свайго? Не знаю... Магчыма... Магчыма... Магчыма... А ўспомню — i жах працінае ўсяго: Даўно ўжо прапаў бы, калі б не Жанчына. 2. IV. 1995

Мой час

Мой час прайшоў. Сышоў ніякавата — І згас... І вось душу бярэ ўціскі Эпоха выхапняў і тарбахватаў, Майстроў у старца адбіраць кускі. Мой час прайшоў. Сышоў безвынікова. Так кожны раз кажу я сам сабе, Калі гляджу, што робіцца наўкола: Як звер звяруе, а скубач скубе. Мой час... Чаму ж яго я не шкадую? Таму што знаю: і мінулы, той, Што абяцаў мне долю маладую, Таксама быў не мой, зусім не мой. Не мне па спадчыне ад бацькі-маткі Дастаўся ён, а прыхадняў гурме, Што насаджала тут свае парадкі І сваю волю дыктавала мне. Час янычарства быў. Таму і страшны, Што ў вырадкаў ператвараў сыноў. І ён не скончыўся, час учарашні. Хлусня і здрада яго жывяць зноў. Ну што ж! Я шляху не згублю і ўпрыцем. Каб час змяніўся — непатрэбны ўказ. Мой час наперадзе. Яшчэ ён прыйдзе — Мой запаветны беларускі час! 26. Х. 1995