Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 14

Ніл Гілевіч

Сёе-тое пра вершы

А вершы свае спалі... З прыватнай размовы Так, так, шаноўны, вершы — гэта дробязь, І хоць для іх патрэбен божы дар — Сярод тавараў гэта не тавар, Багатыром цябе яны не зробяць. Таму — за непатрэбай — ты іх знішчы: Збяры ўсе разам і спалі ў агні... — Ды я ўжо так рабіў, але ж яны Яшчэ мацней растуць на папялішчы!.. 1992

Збітыя рыфмы

Цяжка, ды мушу: падамся ў дарогу! Збітыя рыфмы паклічу ў падмогу. Збітыя рыфмы? Ну гэтак жа: «Збітыя!» — Моршчацца крытыкі — людзі сярдзітыя. Збітыя — нібы набойкі жалезныя Ці ў пілігрыма кавенька з алешыны. Збітыя рыфмы? І хто гэта выдумаў? Пэўна, хто слову не рад самавітаму. Рыфмы збываюцца ці не збываюцца, Ззяюць ці гаснуць, але — не збіваюцца. Так, як і «рыфма» зязюлі адвечная, Так, як і сэрца ў грудзях чалавечае: Б'ецца і б'ецца, але не збіваецца, А — ці спыняецца, ці — разрываецца. 1992

Сон

Вечар. І дом у экранах вакон. Хто там — не знаю — жыве. Міма праходжу. А мне наўздагон: «Ніл! Цябе маці заве!..» Мама? І кліча мяне ў гэты дом? Як гэта... мама, калі Мамы няма? Ужо колькі гадоў Спіць вечным сном у зямлі... Я павярнуўся: высока акно — Насцеж, а ў ім — сілуэт. Божа! Таксама нябожчык даўно — Мамін вясковы сусед. Ён гэта крыкнуў... О голас бяды! Толькі не веру я, не: Мама, хоць дрэнны я сын быў, — туды Клікаць не можа мяне. Ведае родная, ведае: тут, Тут я патрэбен яшчэ!.. Ну, а туды я паспею на суд. Хто ж бо ад Бога ўцячэ?.. 1992

Кляновы лісток

Вястун неспадзеўны — кляновы лісток Ляжыць на далоні: Ці позва на суд ці на шчасце квіток, Мне Богам дароны? Пра шчасце, як грэшніку ў пекле пра цуд, Мне марыць запозна. Напэўна, на страшны i праведны суд Ад Бога мне позва. Чаму ж бо, паведай, лісток-варажбіт, Мне сэрца так цісне? Чаму мае думы на ўвесь краявід, Як хмары, навіслі? Што тонкія жылкі-пражылкі твае Вяшчаюць-варожаць ? Ці ласку, якая душу мне спаўе, Ці стынь i варожасць? Скажы ж, не таіся, калі сапраўды Ты Божы пасланнік. Чыесьці дарогі... Чыесьці сляды... Чыесьці расстанні... Гляджу-углядаюся ў рыскі-штрыхі, Бы ў лёсу пісьмёны: Чыесьці надзеі... Чыесьці грахі... Чыесьці імёны... Чыесьці тут лёсы, чыесьці... А дзе ж Майго накановы? Ці мне, на астатку, не ведаць ix лепш, Лісточак кляновы? 1992

Скора, скора

Каму вас, песні?..

Янка Купала

Скора, скора я, выкляўшы касту, Што загнала народ у бяду, Набяру сваіх песень у кайстру I з кавенькай па краі пайду. Я ix пеў i бадзёра i сумна, На людзях i ў самотнай глушы. Можа, часам не вельмі i ўдумна, Ды заўсёды — ад шчырай душы. Дзесь на плошчы, наўпроць рэстарана, Выму з торбы ix, раб хараства, Дый звярнуся да тлустага пана: «Можа, купіце — з ласкі Хрыста?» I пазнаю яго, i з агіды Скалануся i сплюну да ног: Гэта ж той графаман прагавіты, Што нядаўна ад зайздрасці дох... Пераксціўшыся, сцісну кавеньку Дый падамся паціху далей. I ні стогну, ні плачу, ні енку Крыўда-роспач не вырве з грудзей. Пра адно буду думаць са страхам, Каб не ўбачыла тая, крый Бог, Што сказала мне колісь: «Ты графам Будзеш жыць без бяды i турбот». 1992