Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 12

Ніл Гілевіч

І даб'е..

І даб'е цябе наіўнасць. І даб'е цябе насмерць. Дзе падступнасць, дзе нявіннасць Ты няздольны зразумець. Непрыкметна абязвечыць, Крылы-мары абарве, Абяскровіць, абязверыць. Абяссіліць і... даб'е! 1991, верасень

* * *

У беспрасветны час Знявер'я i шаленства, Калі цяжар абраз Гняце душу з маленства, Паверыць лёгка ў зло. А вы ў дабро паверце! Разліку — не было. Вы хлусіце, блюзнерцы! Душы сваёй крыло Даю на адсячэнне: Разліку не было! Ішоў на зор свячэнне! Разліку — не было. Адкуль жа столькі гневу Пакуль не адняло — Цягну далоні к небу. Пасведчы, Бацька Бог: Хоць i прызнаў хімеру — Зняважыць я не мог Сваю любоў i веру. Разліку — не было. Калі няпраўда гэта — Хай стлее ў прах i тло Зямны пасад паэта! 1991-1992

На ўзгорку

На ўзгорку, на сіверным ветры, Стаіць ён, ад шляху наўзбоч, І ўдалеч, дзе лес пракаветны, Глядзіць, не адводзячы воч. Стамлёны душэўным разладам, З надзеяй глядзіць і з тугой. А што там, за тым даляглядам? За тою сівою смугой? Там вёсачка недзе ў бярозах, І хата на ўскраіне там... Ах, колькі разоў ён у крозах Заходзіў туды, як у храм! Што ж сёння душа яго ў траўме? Што мроіцца зараз яму? Ці, можа, вяртаецца ў травень — На споведзь юнацтву свайму? Ці чуе, як сіверам клятым Да сэрца крадзецца зіма?.. А што там, за тым даляглядам, — Адказу няма i няма. 1992

Стрэмка

Калі пералескам, між сосен, Блукаў на змярканні паэт І слухаў вясны сугалоссе, І слухаў бясконцы сусвет, — Знянацку, гняўліва, сурова, Наўперак суладдзю ўсяму, З нябёсаў данеслася слова І ўдарыла ў сэрца яму. Кальнула, як вострая стрэмка. Каб хто тады глянуў у твар — Напэўна, пазнаў бы на зрэнках, Балючы які быў удар!.. Дадому ён сунуўся ценем, А ноччу — не сплюшчыў павек. Страшное было прасвятленне. Бязлітасны лесу быў здзек. З той даты, каб справіцца з болем, Ён варыць штовечар шалфей. А горычы — болей і болей. А стрэмка — глыбей і глыбей. Час вылечыць быў бы павінен. А вось жа бяссільны і ён. Не выме той стрэмкі, не выме. Не здыме той Божы праклён. 1992