Читать «I чую я голас...: выбраныя вершы, 1954-2008» онлайн - страница 11

Ніл Гілевіч

Над бяздоннем

Над бяздоннем іду — Па вузенечкай кромцы ля стромы... Што, прайшоўшы, знайду? Чым пакліканы ў шлях незнаёмы? Над бяздоннем іду... Там, унізе, раскацісты рогат — Д'яблы мелюць ваду На страшэнных каменных парогах. Над бяздоннем іду. Там патокі. Там пара клубіцца. Хоць гукні грамаду — Галава пачынае кружыцца. Над бяздоннем іду. Здрадны страх зацінае дыханне. Крок яшчэ — і ўпаду... Іншы хтосьці уславіць каханне. 1990

* * *

Не падбівай. Не падбухторвай. Дарма шчыруеш. Я не з тых, Што краю роднаму над прорвай Самазабойча б'юць пад дых. Табе — павек не будзе веры. Не спадзявайся. Не чакай. Ты ўпотай молішся хімеры, А мне мой Бог — Бацькоўскі край. Я не забыў: калі ад болю За лес ягоны я крычаў — Ты шанаваў чужую волю І, падуладны ёй, маўчаў. Калі дыханне мне i мову Перацінаў дзікун-сатрап — Ты не ішоў мне на падмогу, Ты на душу не браў затрат. Таму — не снуй перад вачыма. Не корчы міну. Не прасі. Прадаўшы ўсё, што ёсць Айчына, Мяне сто раз ты прадасі. 1990, лістапад

Перад люстэркам

Мо даняла паняверка, Можа, хто крылы падсек? Пільна глядзіцца ў люстэрка Немалады чалавек. Тонуць набеглыя цені, Нікнуць у сховах чуцця. «Божа, які летуценнік! Божа, якое дзіця!..» Сутарга раптам па твары — Болю пакутнага след. «Божа, якая пачвара! Божа, які прайдзісвет!» Лепш бы зусім не глядзеўся! Лепш бы не бачыў сябе! Дзе ж той акрылены дзеўся — Вымыты ў сонца сяйве? Мо даняла паняверка? Можа, хто крылы падсек?.. Сумна глядзіцца ў люстэрка Немалады чалавек. 1991

Балала

На світанні, ледзь заднела, Нібы мне пабудка, Загугукала на дрэве Дзікая галубка. Ды чамусьці так трывожна, Так журботна-скрушна — Што было ніяк няможна Слухаць раўнадушна. Хоць спытай у шызакрылай: Дзе ўзялося зрання Столькі жалю, столькі крыўды, Столькі наракання? Хто пачуць яе павінен І чаму не чуе? І чаму ён галубіне Песень не буркуе? Можа, ён душой бяздольнай З іншым краем зросся?.. Не, ён роднага гняздоўя Не забыў, не зрокся. На драпежнай дзюбе ў полі Кроў яго скіпела. Бо ён надта верыў волі, Надта лётаў смела. 1991

Крумкач

Ізноў, як калісьці, Мне каркае чорны крумкач: Давеку не выйсці Табе з гістарычных няўдач! Куды не паткнуся — Усюды наб'ю сабе гуз! Няма Беларусі! Няма і цябе, беларус! Куды ты ўсё прэшся? Свой лёс ты між двух выбірай: Ці «ўсходнія крэсы» — Ці «северо-западный край». Дай дзякуй, сярмяжка, Што знаеш сяўбу ды жніво. Калі ж табе цяжка — Пахліпай сабе ў рукаво! На гэта ты здатны — На вечную скаргу i плач... Замоўкні, бяздарны! Не будзе па-твойму, крумкач! Я хліпаць не стану! Я прагай здзяйснення жыву. Найперш — у пашану — Табе я скручу галаву. Каб гнюсна не каркаў, Каб тут, дзе Купала хадзіў, Рабоў-недавяркаў Агіднай хлуснёй не пладзіў. Тут праўда i вера З нябыту ўваскрэснуць навек. І мэтай і мерай Тут будзе ва ўсім — Чалавек. 1991, красавік