Читать «П"яўка» онлайн - страница 189
Юры Станкевіч
Я дзейнічаў аўтаматычна: вайна калісьці многаму мяне навучыла. “Затаньчыў”, змяняючы месца — іх кулі прайшлі міма, толькі ў маім пазадарожніку абсыпалася разбітае бакавое шкло, зрабіў кульбіт праз галаву, апынуўшыся ў адхоне, і адтуль, нібы з траншэі, выпусціў доўгую чаргу па постаці з аўтаматам, бо разумеў, што за тым з нас, хто выйдзе жывым з гэтай дуэлі, магчыма, і будзе перамога. Мне зноў пашанцавала — бандыт раптам слаба ўскрыкнуў і асунуўся долу. Цяпер супраць нас з Мойрай засталіся двое, але ў мяне ў руках быў аўтамат і паўражка патронаў.
Далей падзеі імкліва распадаліся на некалькі асобных фрагментаў, якія я, калі і запомніў, то вельмі цьмяна.
Мойра, якая, выскачыўшы з машыны, страляе наўзлёт з калена, трымаючы “берэту” абедзвюма рукамі.
Бандыт адступае да свайго БМВ, але па дарозе нечакана падхоплівае аўтамат забітага падзельніка.
Другі бандыт, які, адкінуўшы пісталет з расстралянай абоймай, занырвае ў машыну і заводзіць рухавік.
БМВ зрываецца з месца, але напаследак у наш бок грукоча аўтаматная чарга.
Я выпускаю па ўцякаючых нападніках увесь “ражок” і бачу, як кулі пакідаюць увагнутасці і дзіркі на багажніку.
Іх машына знікае.
empty* * *empty “Берташ!”
Голас Мойры, якая няўпэўнена клікала мяне, раптам дайшоў да майго слыху. Нешта не так, ад-разу падумаў я, імкліва падбег да яе ўсутыч і — разгубіўся. Яна сядзела, хутчэй напаўляжала, абапершыся спінай да кабіны “джыпа”. Сукенка на жываце ніжэй правай грудзі была залітая чырвоным (у мяне нават мільганула недарэчная думка, што гэта кетчуп), і яна прыціскала гэта месца далонню.
“Мяне зачапіла, Берташ”.
Кроў працякала скрозь яе пальцы і струменчыкам спаўзала ўніз.
Толькі не гэта, — падумаў я, і на міг у вачах у мяне пацямнела, а дыханне перахапіла. — Не, толькі не гэта.
Я кінуўся да сумкі ў салоне і выхапіў з яе санітарны пакет. Рана была кепская, і зразумець гэта было нескладана, хоць я і валодаў хіба што толькі прымітыўнымі і неабходнымі медыцынскімі навыкамі, набытымі на мінулай вайне.
Я агаліў ёй жывот. Нават першы, павярхоўны позірк на рану, а куля прайшла ў поласць ніжэй правага саска, гаварыў пра тое, што час пайшоў на хвіліны і ёй патрэбны тэрміновая бальніца і хірург. Я ліхаманкава прыклаў да раны тампон і перацягнуў бінтом, якога, дарэчы, не хапіла; давялося адрываць паласу ад кашулі.
“Не хвалюйся так, Берташ. Скажы лепш: мы іх кончылі?” — нешта падобнае на ўсмешку прамільгнула на яе пабялелым твары.
Я падхапіў яе з зямлі і перанёс на пярэдняе сядзенне. “Берэту” яна не кінула, а забрала з сабой, паклаўшы на калені. Я завёў рухавік, і тут праз лабавое шкло ўбачыў, як адзін з нападаючых, які ляжаў на дарозе, падае прыкметы жыцця: імкнецца падняцца на карачкі. Я пераключыў перадачу і, набраўшы максімальную хуткасць, збіў яго бамперам і пераехаў коламі. Я вельмі спяшаўся, бо выйсце, на мой погляд, у мяне было адно: як мага хутчэй дабрацца да якога пасёлка ці райцэнтра, каб адразу знайсці медыцынскую дапамогу.