Читать «П"яўка» онлайн - страница 188

Юры Станкевіч

Некалькі секунд мы з даволі вялікай хуткасцю рухаліся побач, я — па асноўнай, а іх машына — па сустрэчнай паласе. Я ўжо не меў магчымасці ні раздумваць над сітуацыяй, ні тым больш прааналізаваць яе, бо трэба было дзейнічаць. Бандыт, які сядзеў у БМВ справа ад вадзіцеля, укормлены жаўтаскуры апуцак, нешта выкрыкнуў мне — вецер знёс яго словы, і пачаў прасоўваць руку са зброяй праз апушчанае шкло.

“Трымайся!” — крыкнуў я Мойры і рэзка затармазіў.

Джып працягла завішчэў усімі калодкамі, і яго занесла ў бок. Бандыты праскочылі наперад, але адразу таксама пачалі тармазіць. Пэўна, яны вырашылі, што я ўжо саспеў, каб выконваць іх ка-манды. Тое, што ад іх не збегчы, я ўжо зразумеў: справа, метрах у ста ад дарогі, я мельгам убачыў рэшткі напаўразбуранага элеватара і яшчэ нейкіх хлявоў. Гэта магло быць нейкім выйсцем.

Не губляючы з віду машыну з бандытамі, якая таксама спынілася, праскочыўшы наперад метраў пяцьдзесят, я таропка сказаў: “Паслухай мяне, Мойра! Зараз, як толькі пачну страляць, ты выскачыш і пабяжыш да тых будынкаў. Я цябе прыкрыю. Не спыняйся і не азірайся. І сама страляй толькі напэўна”.

“Не!”

Яна выкрыкнула гэта ў адказ так рашуча, што я больш не рабіў спробы яе пераканаць. Дый не меў ужо часу.

“Адшпіліся ад рамня і трымай расчыненай дзвер!”

Я бачыў, як праследавацелі далі задні ход, а жаўтаскуры з аўтаматам высунуўся вонкі. Каб толькі ён не быў ляўша, — мільганула ў мяне ў падсвядомасці, — тады страляць з левай рукі яму будзе нязручна. Але гэта мая думка была апошняй у дараванай мне кароткай паўзе, бо ўслед за тым я рыўком выскачыў на дарогу і ўскінуў аўтамат. Страляць мы пачалі амаль адначасова, але мне пашанцавала больш, бо я патрапіў, і яго адкінула назад, запырскаўшы крывёю кабіну, а зброя выпала з рук і звалілася на дарогу. Яны выскачылі з машыны — спрытна, як тхары і па розныя бакі, рабілі ўсё правільна. У двух я ўбачыў у руках пісталеты, а ў трэцяга — аўтамат. Урэшце, у іх былі два аўтаматы на ўсіх, і тое, што адзін з іх уладальнікаў ляжыць забіты, — поўная для ўсіх іх нечаканаць, бо яны, пэўна, зусім адвыклі ад супраціву.