Читать «П"яўка» онлайн - страница 11
Юры Станкевіч
“Гэта вы Берташ Яновіч?” — спытаў мужчына. “Так.” “У нас да вас размова.”
Я падумаў некалькі секунд і чамусьці адчыніў. Як яны ўвайшлі, я адступіў на крок і, трымаючы іх пад прыцэлам, загадаў стаць тварам да сцяны.
“У вас ёсць зброя?” — спытаў я.
“Не.” “Вы маніце — без зброі ноччу ў гэтым квартале пагібель.” “Да вас мы вырашылі прыйсці без яе,” — сказала жанчына.
Я наспех асцярожна абмацаў кішэні мужчыны і запрасіў іх у пакой, дзе пасадзіў у крэсла, а сам сеў за стол, паклаўшы пад руку рэвальвер.
“Слухаю,”—сказаў я і, магчыма, ўпершыню ўважліва паглядзеў на іх.
Жанчына зняла з галавы хустку. Яна была высокая, цёмнавалосая, з рэзкім, вуглаватых абрысаў, крыху асіметрычным тварам, з якога на мяне, вывучаючы, пазіралі шэрыя,з зеленаватым адлівам вочы. Яе знешнасць гаварыла аб наяўнасці характару.
Мужчына, выцягнуў з кішэні і ўключыў антыпраслухоўваючую прыладу, а потым маўчаў, неяк адхілена гледзячы на мяне з-пад ілба. У яго вачах я не прачытаў ні цікаўнасці, ні хітрасці, ні нават раўнадушша. Пэўна, цяпер за ўсё адказвала і вяла рэй жанчына.
Яна і загаварыла першай.
“Вас мы ведаем. Мяне завуць Мойра. А яго, — яна кіўнула на свайго спадарожніка, — Платон.”
Мужчына, нібы абудзіўшыся, злёгку кіўнуў. Жанчына, якая назвала сябе Мойрай, зрабіла ня-значую паўзу, і я ўставіў слова.
“Чым абавязаны? — груба пацікавіўся я, — і адкуль вы мяне ведаеце?”
Але яна ніяк не адрэагавала.
“Мы ўсе, мяркую, абмежаваныя ў часе. Не будзем яго губляць.
Мы прыйшлі да вас з прапановай.”
Яна зрабіла паўзу і сустрэлася са мной позіркам.
“Спачатку патлумачце, навошта вы адсочвалі мяне?” — сказаў я.
“Каб даведацца, дзе вы жывяце. Вы за апошні тыдзень змянілі месца пражывання.” “Вынікае, што я ў вас даўно на прыкмеце?” “Так. Вы падыходзіце нам як асоба і як даследчык.” “Даследчык чаго?”
“Хіба вы не забіралі з вашай паштовай скрыні паперку? Мы цяпер зазірнулі — там яе няма.” “Што з таго, калі нават і забіраў?” “Вы заходзілі з той нагоды ў Сеціва?”
“Не, — адказаў я незадаволена. — Патлумачце мне на словах, у чым ваша справа і ваша патрэ-ба?”
“Мы прапануем вам зафіксаваць доказ і паспрабаваць тым самым зарабіць неблагія грошы, — сказала жанчына па імені
Мойра. — Мяркую, толькі вы здолееце нам дапамагчы.” “Не правакуйце мяне. Я не збіраю доказы.”
“Зразумела, што вы не даяце нам веры. Але я калісьці працавала з вашым бацькам. Вы, канешне, знаёмы з яго почыркам? Вось яго ліст да мяне асабіста.”
Жанчына выцягнула з барсеткі паперу і паклала на стол. Я
кінуў вокам і ўважліва прачытаў некалькі сказаў. Потым зірнуў на подпіс. Ліст, безумоўна, быў напісаны бацькавай рукой.
“І што з таго?” — спытаў я.
“Ваш бацька збіраў доказы.” “Хвіліну.”
Я зноў неўпрыкмет іх агледзеў. Нейкая шляхетнасць і прыхаваная пародзістасць твараў хоць і не кідаліся ў вочы, але былі заўважныя. Дый навошта ім было мне маніць? З якой мэтай?
Я, па сутнасці, маргінал, які не мае ні багацця, ні якіх іншых цікавых для іх каштоўнасцей.
Жанчына нервова аблізнула вусны — зубы ў яе былі белыя і роўныя. Яе спадарожнік па імені Платон глядзеў кудысьці ўбок, у бачную яму аднаму кропку нерухомым позіркам. Я задумаўся на кароткі час.