Читать «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» онлайн - страница 4

Даніэль Дэфо

Настала ноч, і раптам адзін з матросаў, які спускаўся ў трум, закрычаў, што судна пацякло. У трум паслалі другога матроса, і ён далажыў, што вада паднялася ўжо на чатыры футы[3].

Тады капітан загадаў:

— Выпампоўвай ваду! Усе да помпаў!

Калі я пачуў гэту каманду, у мяне ад жаху замерла сэрца: мне здалося, што я паміраю, ногі мае аслабелі, і я паваліўся ніцма на койку. Але матросы расштурхалі мяне, патрабуючы, каб я не адлыньваў ад работы.

— Даволі ты біў бібікі, час прыйшоў і папрацаваць!

Нічога не зробіш, я пайшоў да помпы і пачаў старанна выпампоўваць ваду.

У гэты час невялікія грузавыя судны, якія не маглі ўтрымацца супроць ветру, узнялі якары і выйшлі ў адкрытае мора.

Убачыўшы гэта, наш капітан загадаў стрэліць з гарматы, каб папярэдзіць іх, што нас чакае смяротная небяспека. Пачуўшы стрэл гарматы і не разумеючы, у чым справа, я ўявіў сабе, што наша судна разбілася і вось-вось пойдзе на дно. Мне зрабілася так страшна, што я страціў прытомнасць і паваліўся. Аднак у гэты час кожны клапаціўся перш за ўсё пра выратаванне ўласнага жыцця, і на мяне ніхто не звярнуў увагі. Ніхто нават не пацікавіўся, што са мною здарылася. Адзін з матросаў стаў на мае месца да помпы, адсунуўшы мяне нагою. Усе былі ўпэўнены, што я ўжо нежывы. Так я праляжаў вельмі доўга. Ачухаўшыся, я зноў узяўся за работу. Мы працавалі без пярэдыху, а вада ў труме падымалася ўсё вышэй і вышэй.

Было зусім ясна, што судна пойдзе на дно. Праўда, шторм пачаў патроху суцішацца, але ў нас не прадбачылася ніякай магчымасці пратрымацца на вадзе да таго часу, пакуль мы зойдзем у гавань. Таму капітан не пераставаў страляць з гарматы, спадзеючыся, што хто-небудзь выратуе нас ад пагібелі.

Нарэшце адно невялікае судна, што было бліжэй да нас, рызыкнула спусціць шлюпку, каб прыйсці нам на дапамогу. Шлюпка кожную хвіліну магла перакуліцца, але яна ўпарта набліжалася да нас. І ўсё роўна мы не маглі перабрацца ў шлюпку, таму што не было ніякай магчымасці прычаліць яе да нашага карабля, хоць людзі веславалі з усяе сілы, рызыкуючы ўласным жыццём для выратавання нашага. Мы кінулі ім канат. Яны доўга не маглі злавіць яго, таму што бура адносіла яго ўбок. Але, на шчасце, адзін смяльчак пасля неаднаразовых няўдалых спроб нарэшце злаўчыўся і схапіў канат за самы канец. Тады мы падцягнулі шлюпку да нашай кармы і ўсе да аднаго перабраліся на яе. Мы меркавалі даплыць да іх карабля, але не змаглі адолець хваль, якія неслі нас да берага. Выявілася, што толькі ў гэтым напрамку і можна было веславаць.

Не прайшло і чвэрці гадзіны, як наш карабель пачаў апускацца ў ваду.

Хвалі так кідалі шлюпку, што нам не відно было нават берага. Толькі на нейкае імгненне, калі ўскідвала на грэбень хвалі, мы маглі бачыць, што на беразе сабраўся натоўп людзей. Людзі бегалі туды і сюды, гатовыя кінуцца нам на дапамогу, як толькі мы падыдзем бліжэй. Але мы рухаліся да берага вельмі павольна.

Толькі пад вечар здолелі мы выбрацца на сушу, ды і то з найвялікшымі цяжкасцямі.

У Ярмут ісці нам давялося пешкі. Там нас чакала сардэчная сустрэча: жыхары горада, якія ўжо даведаліся пра наша няшчасце, адвялі нам добрае жытло, пачаставалі выдатным абедам і далі нам грошай, каб мы здолелі дабрацца, куды пажадаем — да Лондана ці да Гуля.