Читать «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» онлайн - страница 2

Даніэль Дэфо

І ўсё роўна праз некалькі месяцаў я збег з роднага дому. Адбылося гэта так. Аднойчы я паехаў на некалькі дзён у горад Гуль. Там я сустрэў аднаго прыяцеля, які збіраўся плыць у Лондан на караблі свайго бацькі. Ён пачаў мяне ўгаворваць ехаць разам з ім, спакушаючы тым, што праезд на караблі нічога мне не будзе каштаваць.

І вось, не спытаўшыся ні ў бацькі, ні ў маці, — у нядобрую часіну! — 1 верасня 1651 года я на дзевятнаццатым годзе жыцця сеў на карабель, які плыў у Лондан.

Гэта быў дрэнны ўчынак: я пакідаў старых бацькоў, нават не падумаўшы над іх парадамі і забыўшы пра абавязак сына. І мне вельмі хутка давялося каяцца ў тым, што я нарабіў.

Раздзел другі

Першыя прыгоды на моры

Не паспеў наш карабель выйсці з вусця Хамбера, як з поўначы падзьмуў халодны вецер. Неба пакрылася хмарамі. Пачалася страшэнная гайданка.

Я дагэтуль ніколі яшчэ не быў у моры, і мне зрабілася кепска. У мяне закружылася галава, задрыжалі ногі, мяне пачало ванітаваць, і я ледзь не ўпаў. Кожны раз, як толькі на карабель навальвалася велізарная хваля, мне здавалася, што мы зараз жа апынімся на дне. Кожны раз, калі карабель валіўся з высачэзнай грывы, я ўпэўнены быў: яму ўжо ніколі не падняцца над хвалямі.

Тысячу разоў я прысягаў, што, калі застануся жывы, калі толькі яшчэ нага мая ступіць на цвёрдую зямлю, я зараз жа вярнуся дадому да бацькі і ніколі ўжо за ўсё жыццё не падымуся больш на палубу карабля.

Аднак гэтых разважлівых думак хапіла ў мяне толькі на той час, пакуль бушавала бура.

І вось вецер суняўся, хвалі знемаглі, і мне зрабілася куды лягчэй. Паступова я пачаў прывыкаць да мора. Праўда, я яшчэ не зусім пазбавіўся марской хваробы, але к канцу дня праяснела, вецер зусім сцішыўся, надышоў цудоўны вечар.

Усю ноч я праспаў як забіты. Назаўтра неба было такое ж яснае. Сцішанае мора, над якім не было нават слабога ветрыку, ззяла на сонцы ў такой дзівоснай красе, якой я яшчэ зроду не бачыў. Ад мае марской хваробы не засталося і знаку. Я адразу супакоіўся, і мне зрабілася весела. Са здзіўленнем углядаўся я ў мора, якое яшчэ ўчора здавалася такім жорсткім і пагрозлівым, а сёння было ласкавае і сцішанае.

Тут, як знарок, падыходзіць да мяне мой прыяцель, што спакусіў мяне ехаць разам з ім, ляпае па плечуку і кажа:

— Ну, як ты сябе адчуваеш, Боб? Я гатовы паспрачацца, што ўчора ты добра напалохаўся. Прызнавайся: ты ж напалохаўся ўчора, як падзьмуў вятрыска?

— Вятрыска? Добры вятрыска! Гэта ж быў шалёны шквал. Я нават уявіць сабе не мог такой жахлівай буры!

— Буры? Ах ты дзівак! Па-твойму, гэта бура? Ну, ды ты ж яшчэ новенькі на моры: не дзіўна, што напалохаўся… Аднак хадзем лепей ды загадаем падаць нам пуншу, вып'ем па шклянцы і забудзем пра буру. Зірні, які ясны дзень! Цудоўнае надвор'е, ці не так?