Читать «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» онлайн - страница 5
Даніэль Дэфо
Непадалёку ад Гуля быў Йорк, дзе жылі мае бацькі, і, вядома ж, мне трэба было вярнуцца да іх. Яны даравалі б мне мае самавольныя ўцёкі, і ўсе мы былі б такія шчаслівыя!
Але безразважная мара пра марскія прыгоды не пакідала мяне і зараз. Хоць цвярозы голас розуму казаў мне, што на моры мяне чакаюць новая небяспека і нягоды, я зноў пачаў думаць пра тое, як бы мне трапіць на карабель і аб'ехаць па морах і акіянах увесь свет.
Мой прыяцель (той самы, бацьку якога належала загінуўшае судна) быў цяпер пануры і самотны. Бяда гняла яго.
Ён пазнаёміў мяне са сваім бацькам, — той таксама не пакідаў бедаваць па затанулым караблі. Даведаўшыся ад сына пра маю цягу да марскіх падарожжаў, стары сурова зірнуў на мяне і сказаў:
— Малады чалавек, вам ніколі болей не трэба выходзіць у мора. Я чуў, што вы баязлівец, што вы распешчаны і губляеце галаву нават пры самай нязначнай небяспецы. Такія людзі не варты ў маракі. Хутчэй вяртайцеся дадому і памірыцеся з раднёю. Вы ўжо самі на сабе зазналі, як небяспечна падарожнічаць морам.
Я адчуваў, што ён кажа праўду, і не мог пярэчыць. Але ўсё роўна я не вярнуўся дадому, таму што мне было брыдка паказацца на вочы маім блізкім. Мне здавалася, што ўсе нашы суседзі будуць нада мною кпіць; я быў упэўнены, што мае няўдачы зробяць мяне пасмешышчам для ўсіх сяброў і знаёмых.
З цягам часу я не аднойчы заўважаў, што людзі, асабліва ў маладосці, лічаць непрыстойнымі не тыя свае бессаромныя ўчынкі, за якія завуць іх дурнямі, а тыя добрыя і высакародныя справы, якія робяцца імі ў хвіліны раскаяння, хоць толькі за гэтыя справы і можна зваць іх разумнымі. Такі і я быў у той час. Успаміны пра пакуты, якія я выцерпеў у час караблекрушэння, паступова сцерліся, і я, пражыўшы ў Ярмуце два-тры тыдні, паехаў не ў Гуль, а ў Лондан.
Раздзел трэці
Рабінзон трапляе ў палон. — Уцёкі
Вялікім маім няшчасцем было тое, што я ў час маіх прыгод не застаўся на караблі матросам. Праўда, мне давялося б болей працаваць, але затое вывучыўся б, нарэшце, мараходнай справе і з цягам часу мог бы стаць штурманам, а магчыма, і капітанам. Але ў той час я быў такі дурны, што з усіх шляхоў выбіраў заўсёды самы горшы. З той прычыны, што я мог тады заўсёды фарсіць сваім адзеннем і ў кішэнях у мяне не зводзіліся грошы, я заўсёды з'яўляўся на карабель бесклапотным шалапутам: нічога там не рабіў і нічому не вучыўся.
Маладыя свавольнікі і гультаі звычайна трапляюць у дрэнную кампанію і вельмі хутка канчаткова збіваюцца з тропу. Такі ж лёс чакаў і мяне, але ў Лондане мне пашчасціла пазнаёміцца з паважным пажылым капітанам, які шчыра мною зацікавіўся. Незадоўга перад гэтым ён хадзіў на сваім караблі да берагоў Афрыкі і Гвінеі. Гэта падарожжа прынесла яму немалы прыбытак, і цяпер ён зноў збіраўся накіравацца ў тыя ж краі.
Я спадабаўся яму. Я быў тады цікавым суразмоўцай.
Ён часта бавіў са мною свой вольны час і, даведаўшыся, што я мару пабачыць заморскія краіны, прапанаваў мне пайсці ў плаванне на яго караблі.