Читать «Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

неизвестен Автор

Ён быў велiчынёю з карабель, увесь пыхаў жарам, як агонь у печы, ды яшчэ раз-пораз пляваўся агнём, паказваючы вострыя блiскучыя зубы.

- Паляванне пачалося! - радасна крыкнуў Прынц.

I паляванне сапраўды пачалося. Цмок, замест таго, каб спалохацца i кiнуцца наўцёкi (як належала б выхаванай жывёле), адразу рынуўся на гiпапатамаў i...

Прынц, якi сядзеў на слане i сам не надта спяшаўся на поле бою, з сорамам i расчараваннем убачыў, як той самы цмок, на якога яны iшлi паляваць, сам у адно iмгненне праглынуў усю яго, найлепшую ў свеце, зграю. Цмок глытаў гiпапатамаў, як галодны сабака глытае кавалкi мяса. Горка было глядзець, як ад зграi, якая ўсяго некалькi хвiлiн назад весела рохкала пад гукi паляўнiчага рога, не засталося нiводнага гiпапатамяня. А цмок усё яшчэ зiркаў улева ды ўправа, цiкуючы, цi не прапусцiў ён каго-небудзь.

Убачыўшы ўсё гэта, Прынц цiхенька саслiзнуў са слана - з таго боку, якi быў далей ад цмока, - i з усiх ног кiнуўся ў лясны гушчар, спадзеючыся, што цмок не прадзярэцца скрозь тоўстыя пераплеценыя галiны густых кустоў. Стаўшы на карачкi, хоць, вядома, сапраўдныя прынцы так сябе нiколi не паводзяць, ён хуценька папоўз наперад i жвава схаваўся ў дупле высокага дрэва.

У лесе панавалi цiшыня i спакой. Цяжка было ўявiць, што недзе паблiзу ходзiць люты цмок.

Мала-памалу Прынц супакоiўся. Ён папiў са сваёй срэбнай паляўнiчай бiклагi, выцягнуў ногi i, утульна ўладкаваўшыся, заснуў. Пры гэтым ён не толькi слязiнкi не пралiў, але й не ўздыхнуў нават па сваiх няшчасных гiпапатамах, якiх сам прыручыў, якiя елi з ягоных рук i доўгiя гады верна служылi яму, рызыкуючы на паляваннi жыццём, толькi каб яго пазабавiць.

Але ж Прынц быў не сапраўдны: у яго былi жорсткiя зблытаныя валасы, брудна-шэры твар i каменнае сэрца.

Ён спаў, гучна храпучы на ўвесь лес, а калi прачнуўся, ужо стаяла цёмная ноч. Прынц выпаўз з дупла i працёр вочы. Усё вакол было пакрытае непрагляднаю цемрай, i толькi недзе непадалёку свяцiўся маленькi чырвоны агеньчык. Прынц вырашыў паглядзець, што там такое. Ён падышоў блiжэй i ўбачыў невялiчкае вогнiшча. Побач сядзеў юнак з доўгiмi залацiстымi валасамi. Ён быў у лахманах, але твар у яго быў вельмi прыгожы i добры. Крыху воддаль Прынц заўважыў нейкiх дзiўных жывёл, якiя, здаецца, спалi.

- Хто ты? - ганарыста спытаўся Прынц.

- Я Эльфiн, свiнапас, - адказаў юнак у лахманах. - А вы хто?

- Я - Прынц Абрыдак.

- Што ж гэта вы робiце ноччу ў лесе, так далёка ад свайго палаца? здзiвiўся Эльфiн.

- Я тут паляваў непадалёку.

Свiнапас зарагатаў:

- Дык тады гэта, значыць, я вас бачыў! Нiчога сабе, добрае паляванне! Я за iм назiраў разам з маiмi свiнкамi. Гэта было вельмi цiкава.

Усе жывёлы адразу засаплi ў сне i зарохкалi, i Прынц пазнаў свiней - у каго ж яшчэ могуць быць такiя манеры?

- Каб было вядома тое, што ведаю я, вы маглi б уратаваць сваю зграю, прамовiў юнак.

- Пра што ты гаворыш? - падазрона спытаўся Прынц.

- Як пра што? Вядома ж, пра цмока, - растлумачыў Эльфiн. - Рэч у тым, што вы выйшлi паляваць не ў той час. На цмока трэба паляваць уначы.