Читать «Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)» онлайн - страница 42
неизвестен Автор
Конрад укленчыў каля ложка. Невядома, колькi часу ён правёў так, але калi падняў галаву, то ўбачыў, што ў пакоi было поўна народу.
- Ты забiў яе! - ускрыкнуў нехта.
Конрад падняўся.
- Я не забiваў яе. Я забiў цмока.
- Паглядзiце, - сказаў нехта iншы, - у яе на шыi такая самая рана.
- Гэтую рану я нанёс цмоку.
- А гэта што? - запытаў трэцi i паказаў на скрутак бавоўны, якi быў зацiснуты ў прынцэсiнай руцэ.
Чалавек узяў з рукi скрутачак i разгарнуў яго. Пакой адразу напоўнiўся пахам хлараформа. Гэта была Конрадава насоўка, ў куточку якой было вышытае ягонае iмя.
- Дык ты яшчэ й атруцiў яе?! - уздыхнуў натоўп.
- Гэтую атруту, - адказаў Конрад, - я кiнуў у пашчу цмока.
Двое цi трое прысутных згодна закiвалi галавой, але астатнiя закрычалi:
- Але калi ты яе не забiваў, дык чаму ж яна памерла?
Конрад затулiў твар рукамi.
- Нашто мне было забiваць яе? Я кахаю яе, - вымавiў ён ледзь чутна. - Я забiў цмока.
Усе заварожана глядзелi на яго i нiчога не казалi. Тады ён дадаў:
- Але цмокам была прынцэса.
Падняўся страшэнны шум i гвалт, i з крыкамi: "Хлус! Здраднiк! Забойца!" Конрада выкiнулi з пакоя.
Афiцыйная версiя была такая: прынцэса сустрэла сваю смерць, калi спрабавала абаранiць Конрада ад цмока. Калi ў Конрада пыталiся, цi праўда гэта, ён не адмаўляўся.
Як пераможца цмока ён быў папулярны зусiм нядоўгi час, i, наадварот, усё астатняе жыццё на iм ляжала ганебнае таўро: праз яго загiнула прынцэса.
Усе - i малыя i старыя - лiчылi, што Конрадава вiна была ў тым, што ён ужыў хлараформ.
Цяжкiя часы, якiя перажыла краiна пад цмокавай уладай, хутка забылiся, а слава аб прынцэсе Гэрмiёне - нацыянальным скарбе - расла i шырылася ў сэрцах яе суродзiчаў.
Пераклала Алена Арлова