Читать «Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

неизвестен Автор

Сабрынэта зноў паднялася на вежу i горка заплакала, шкадуючы бедных дзетак. Яна добра ведала, што брама ў гарадскiм муры не цмокатрывалая i што цмоку будзе зусiм не цяжка прабрацца ў горад, калi толькi ў яго ўзнiкне такое жаданне.

Тым часам дзецi, вярнуўшыся ў горад, адразу пабеглi да Прынца i расказалi яму, што па лесе ходзiць вялiзны i люты цмок.

Прынц вельмi ўзрадаваўся, ён нават кiнуў сцябаць пугай сваiх бедных сабак, што было ў яго ўлюбёнай забавай.

- Цудоўнае будзе паляванне, - сказаў ён i загадаў, каб да палявання зараз жа падрыхтавалi найлепшую зграю гiпапатамаў.

Тут трэба, вiдаць, сказаць, што ў Прынца была звычка паляваць на буйную жывёлу з гiпапатамамi. Увогуле жыхары каралеўства нiчога супраць такой яго прыхамацi не мелi б, але кожны раз, калi Прынц выпраўляўся на шпацыр, верныя гiпапатамы ўсёй зграяй кiдалiся за iм. Яны страшэнна раўлi i тапталi ўсiх, хто не паспяваў схавацца.

Кожны Прынцаў выезд наганяў вялiкi сум на зяленшчыкаў, што гандлявалi на базарным пляцы, i на ганчароў, якiя прыгожа раскладалi тавар уздоўж тратуараў. Гiпапатамавае шэсце заўсёды канчалася для iх поўнай галечай.

I вось Прынц выехаў з палаца. Гiпапатамы з грукатам пабеглi за iм, а людзi, ледзь пачуўшы гук ягонага рога i роў зграi, пабеглi хавацца па дамах.

Зграя гiпапатамаў працiснулася праз браму i наўзгалоп памкнула праз лог паляваць на цмока.

Тым з вас, хто нiколi не бачыў палявання з гiпапатамамi, будзе, напэўна, цяжка ўявiць сабе гэтае незвычайнае вiдовiшча. Бо, па-першае, гiпапатамы не брэшуць, як ганчакi, а рохкаюць, як свiннi, ды яшчэ вельмi гучна i люта. А па-другое, яны ж, вядома, не бегаюць выключна па сцежках i не скачуць цераз агароджы, каб iх не папсаваць. Пасля сябе яны пакiдаюць паламаны на трэскi плот, вытаптаныя палi i вельмi незадаволеных Прынцавым паляваннем фермераў.

Кожны гiпапатам меў прыгожы срэбны аброжак, на якiм былi выгравiраваныя iмя гiпапатама i адрас. Але, калi фермеры звярталiся па адрасе, а гэта значыць - прыходзiлi ў палац, i пачыналi скардзiцца на гiпапатамаў i распавядаць пра страчанае праз iх збожжа, Прынц адказваў: "А няма чаго пакiдаць у мяне на дарозе непрыбраныя палi. Так вам i трэба!" - i нiколi нiчога не плацiў.

Цяпер вам, паважаныя чытачы, будзе, вiдаць, лягчэй зразумець, чаму знайшлiся людзi, якiя, убачыўшы, што Прынц выпраўляецца з гiпапатамамi на паляванне, цiхенька казалi: "А каб цябе самога цмок праглынуў!" Вядома, вельмi блага казаць так пра свайго гаспадара, але ж i гаспадар быў надта ўжо дрэнны.

Паляўнiчыя доўга шукалi цмока ў палях i ў лясах, але не толькi што яго не знайшлi, - а нават паху яго не ўчулi. Цмок, вiдаць, трапiўся надта ўжо сарамлiвы - не хацеў паказвацца.

I вось, калi Прынц ужо быў падумаў, што нiякага цмока няма, яго ўлюбёны стары гiпапатам падаў голас.

Прынц адразу затрубiў у рог i голасна крыкнуў: "Ату яго, ату!" Уся зграя з тупатам паляцела з узгорка да лесу. А там, у нiзiне, на ўскрайку лесу, раптам напраўду ўзнiк сама сапраўдны цмок!