Читать «Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
неизвестен Автор
Дзiва доўжылася ўсяго адну хвiлiну, але Прынцэса паспела ўсё добра разгледзець.
Яна падумала: "Божачкi, якая цiкавая жывёла! I якога яна яркага колеру! Каб яна была трошкi большая ды каб я не ведала, што ў нашых краях даўно ўжо няма нiякiх жахлiвых пачвараў, дык я напэўна вырашыла б, што гэта цмок".
А жывёлу сапраўды можна было б палiчыць за цмока, каб яна не была такая маленькая, цi за яшчарку - каб яна не была такая вялiкая. Ва ўсякiм выпадку даўжынёю яна была прыкладна з лаву, якую звычайна ставяць каля камiна цi печы.
"Шкада, што яна так хутка схавалася ў лесе, - падумала Сабрынэта. - Мне ў маёй цмокатрывалай вежы, вядома, нiчога не пагражае, але ж калi гэта ўсё-такi цмок, дык нават маленькi ён усё роўна можа каго-небудзь з'есцi! А сёння якраз першае траўня, калi дзецi звычайна ходзяць у лес па кветкi".
Прынцэса крыху пачакала, але нiчога болей не ўбачыўшы, пайшла займацца сваiмi справамi. Яна чыста-чыста ўсё прыбрала ў сваёй вежы, не пакiнуўшы нi пылiнкi нават у сама цёмным закуточку сама маленькага пакойчыка. Потым надзела белую, як малако, ядвабную сукенку з вышыванымi рознакаляровымi стакроткамi i зноў паднялася наверх.
Праз поплаў да лесу радасна i бесклапотна беглi дзецi - збiраць глог. Да Сабрынэты даляталi iх вясёлыя спевы i смех.
"Я ўсё-такi вельмi спадзяюся, - падумала Прынцэса, - што тая жывёлiна была не цмок".
Дзецi iшлi па двое, па трое i гуртам. На фоне зялёнай травы iх чырвоныя, блакiтныя, белыя i жоўтыя сукенкi i кашулi здавалiся асаблiва яркiмi.
"Нiбыта зялёная ядвабная мантыя, якую вышылi кветкамi", - падумала Прынцэса i ўсмiхнулася.
Дзецi па двое i па трое, i цэлымi гуртамi пачалi знiкаць у лесе, i неўзабаве мантыя поплава зноў засталася проста зялёнай.
- Ну вось, усю вышыўку папаролi, - уздыхнула Прынцэса.
У чыстым блакiтным небе ярка ззяла сонейка; кветкi, раскiданыя ў свежай зялёнай траве, разгортвалi свае прыгожыя пялёсткi. Быў першы дзень траўня.
Але раптам хмара захiнула сонца, i цiшыню працяў страшны крык, якi ляцеў аднекуль здалёк. У тую ж хвiлiну з лесу на лог шматкаляровым струменем хлынулi дзецi. Увесь поплаў залiлi чырвона-жоўта-бела-блакiтныя хвалi. Дзецi крычалi i вiшчалi ад жаху. Але i ў гэтым страшэнным гармiдары Прынцэсе ўдалося разабраць асобныя словы, якiя лопалiся, як бурбалкi, праткнутыя вострай iголкай.
- Цмок, цмок, люты цмок! - крычалi дзецi. - Хутчэй! Адчынiце браму! Цмок! Iдзе цмок!
Адно за адным яны ўляцелi ў гарадскую браму, i Прынцэса пачула, як вароты ў iх за спiнай з трэскам зачынiлiся.
На поплаве нiкога больш не засталося.
I ў гэты момант кусты ружаў на дальнiм беразе рова затрэслiся, затрашчалi пад цяжарам нейкай вялiзнай, палымянага колеру, жудаснай пачвары, якая кiнулася ў роў, патаптала вакол усю папараць i зноў схавалася ў лясным гушчары.
Прынцэса спусцiлася ўнiз i расказала пра ўсё, што ўбачыла, сваёй мамцы. Тая адразу зачынiла вялiкiя дзверы ў вежу на ключ i схавала яго сабе ў кiшэню.
- Няхай самi пра сябе клапоцяцца, - сказала яна, калi Сабрынэта папрасiлася ў горад дапамагчы напалоханым дзецям. - У мяне свая справа, мая даражэнькая. Я павiнна цябе зберагчы, i я цябе зберагу. Няхай я старая, але ключ у замку павярнуць яшчэ здольная.