Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

Ян Борщевский

Аднаго разу, калi настаўнiкi з вучнямi агледзелi музей, дзе былi розныя дзiвосныя рэчы i карцiны славутых мастакоў, i, спынiўшыся перад Драўляным Дзядком, загаварылi з iм, Севярын, налавiўшы поўную жменю мух, падбягае туды i пытаецца ў Дзядка:

- Адгадай, Дзядок, што ў мяне ў руцэ?

Дзядок патрос галавою i кажа:

- О нешчаслiвы! Ты будзеш выгнаны з раю сваiх мар, пойдзеш крамнiстаю дарогаю i нiкчэмныя iнсекты ў воблiках страшыдлаў будуць гнацца за табою.

Севярын жа выпусцiў мух, засмяяўся i пабег.

Пасля курса навук Летуценнiк пакiнуў горад, вылецеў у свет, як птушка з клеткi, калi вясна ўбiрае лугi i дрэвы пахкiмi кветкамi. I ён, бедны, думаў, што гэтая вясна будзе яму вечнаю. Але як хутка надышла панурая восень!

Спачатку толькi ва ўяўленнi бачыў ён пекных багiнь на лугах i ў гаях, нарэшце спаткаў iх i ў свеце. Гэта была панна Адэля, з маёнткам, прыгожая i з добрымi манерамi. Гэтай асобе Севярын аддаў сэрца, i Адэля была яго адзiнаю мараю. Кахаў ён гады чатыры. Не буду тут апiсваць шчаслiвыя i нешчаслiвыя хвiлiны; гэтыя гiсторыi заўсёды падобныя адна да адной, хоць i малююць iх розныя пiсьменнiкi па-рознаму. Не буду нi хвалiць, нi ганiць жанчын, бо ўсе дочкi Евы такiя i мусяць быць такiмi, якiмi iх стварыла прырода. Скажу толькi, што вужака золата i ганарлiвасцi звяла Адэлю, яна здрадзiла Севярыну i выйшла за iншага.

Першае каханне, да таго ж яшчэ нешчаслiвае, - найвышэйшая навука, пасля якое чалавек з увагаю пачынае чытаць кнiгу свету, таямнiцы сэрца, адносiны сяброў i блiзкiх. Адсюль пуцiны чалавечага жыцця бяруць накiрунак на поспехi i няўдачы. Тут ён сустракае няраз насмешлiвыя вочы i нясталае сяброўства. Зразумеў i Севярын, што свет не рай, а людзi не анёлы.

Пасля гэтага здарэння зрабiўся ён самотны, усе ягоныя мары былi жахлiвыя, уцякаў ад людзей, мiлай была яму адзiнота, найпрыемнейшы быў яму малюнак неба, i то толькi тады, калi ў чорных хмарах адзывалiся грымоты, выў вецер, шумелi лясы i хвалi на возеры. У нiкчэмных жамярыцах пазнаваў ён постацi шкадлiвых людзей, мроiў i расказваў пра дзiвы. Усе, хто ведаў Севярына, жартавалi з яго i называлi вар'ятам.

Калi я вандраваў у тых краях, дзе ён жыў, дык адведаў яго, як сябра свайго дзяцiнства. Заходжу ў пакой i бачу, што сядзiць ён самотны, задумлiвы, бледны, вопратка i валасы збэрсаныя.

- Як маешся, Севярын?

Ён устаў, абуджаны ад сваiх мрояў, i доўга, не пазнаючы, глядзеў на мяне. Я назваўся.

- А! Даўно чакаю! - прамовiў ён, пацiснуў мне руку i пасадзiў ля сябе, а сам зноў аддаўся мроям i сядзеў як нямы.