Читать «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу...» онлайн - страница 4

Алесь Наварыч

— Як я заўважыла, што манах быў хрысціянінам і не мог баяцца паганскага бога Перуна, Савіцкі бачыш як задумаўся.

— Ім што анекдоты слухаць, што астраномію, абы ў іх не пыталіся…

— Г аварыў і думаў, як перакруціць, што манах не да канца хрысціянінам быў. На хаду сачыняе, словам.

— А мне падабаецца, як Троцкі расказвае, — паглядзеў на дзяўчыну Пятрук.

— Калі табе падабаюцца байкі пра кансерваваных манахаў, ты не выйшаў з дзіцячага ўзросту, — з іроніяй прамовіла Лена.

— Я-я не выйшаў? — абурыўся хлопец. — Ды я і не такое магу прыдумаць…

— Паглядзім, — сказала Лена. — Лета наперадзе. І не называй настаўніка Троцкім… Ты ж не… малы! — гарэзліва дадала дзяўчына і злёгку ўдарыла хлопца партфелем у бок.

2

Летам у гэтай жа вёсцы, дзе жылі настаўнік-выдумшчык і Пеця з Ленай, адзін вясковец выцягнуў з ракі вялізную чорную дубовую калоду. Падзея адбылася пад канец ліпеня, калі сышла вялікая вада, а дажджоў доўга не было. Сонца тады так моцна прагравае мелкаватую рэчку, што яна за ноч не паспявае астыць. Надыходзіць мілы сэрцу рыбаловаў час, калі можна ў любы дзень хоць з раніцы лезці з таптухай у цёплую, мутнаватую ваду, каб не налавіць, а проста набраць-начэрпаць свежай, прыснулай ад гарачыні і задухі рыбы.

Неяк вяскоўцы, Колбы ім было прозвішча, — бацька і двое сыноў, лазілі са старой парванай кломляй па меліярацыйных каналах у пошуках уюноў. Відаць, ім не надта пашэнціла, бо яны выйшлі, не баючыся рыбнагляду, на раку. Думалі падбіць пару разоў пад які лазовы куст, ухапіць шчупака, набраць плотак і лінёў і вылезці-ўцячы з вады, каб інспектары не выпісалі штрафу. І трэба было такому здарыцца, што стары Колб акурат і намуляў на дне ракі нейкую тоўстую, што бочка, бервяніну.

— Хлопцы, — сказаў ён. — Тут вялікая булдавешка. Думаю — мораны дуб.

Маладыя Колбы патапталіся нагамі. Напраўду, ляжыць на дне нейкая акруглая, цвёрдая і доўгая калода. Ды яшчэ з тоўстымі галінамі-адводкамі.

— Гэта мораны дуб. Няма лепшага матэрыялу на падваліны пад хату. Рыба рыбай, а мы гэтага карча мусім выцягнуць. Завядзём трос пад дзеравіну і высмыкнем на бераг.

Так і зрабілі. Да гэтага месца берага Колб падагнаў гусенічны трактар. Ягоныя хлопцы, узброеныя рыдлёўкамі, раскапалі пад вадой дуб, зацягнулі пад калоду пятлю з тросаў і далі трактарысту каманду цягнуць. Трактар зароў, але ягоных конскіх сілаў не хапіла, каб зрушыць дзеравіну з месца. Намацалі і абсеклі тоўстыя бакавыя галіны. Ні з месца. Давялося клікаць яшчэ адзін трактар. Але і два трактары не змаглі адразу выцягнуць калоду — ад вялікай натугі лопаў трос. Дуб раскопвалі больш, цягалі ўбакі, намацвалі знізу і адпілоўвалі і адсякалі галіны. Урэшце дуб паказаўся з-пад вады. Чорнае дрэва было таўшчынёй у некалькі абхватаў, з вострым, як бы сколатым камлём.

— Недзе вада падмыла, вось ён у раку і заваліўся, — адзначыў стары Колб. — А то чаго б ён упаў? Ну, пацягнем дзеравіну на пляц.

«На пляц» азначала на сядзібу. Так і зрабілі. Калі падцягнулі калоду да Колбавай хаты, ягоная гаспадыня расчыніла вароты, нібыта гасцінна запрашаючы госця — моранага дуба — у двор.