Читать «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу...» онлайн - страница 5

Алесь Наварыч

Трактары датралявалі карчэвіну ў канец сотак, дзе ўжо ляжаў лес на хату, і дзе гаспадар меркаваў ставіць зруб.

Некалькі дзён калода абсыхала, Колб абстукваў яе абухам сякеры і ад яе адвальваліся камлыгі насохлай гразі. Аднаго разу гаспадар заўважыў, што пасярэдзіне калоды адкрылася дзірка. Ён расчысціў яе, аказалася, гэта было дупло. Адтуль, з сярэдзіны, разагрэтая сонцам, цякла нейкая духмяная гразь. Гаспадар вычышчаў сякерай яе з дупла, і так яна панадна пахла, што не стрымаўся, панюхаў, а потым і лізнуў. Здзіўленню ягонаму не было мяжы!

— Гэта ж мёд! Трэба ж!

Ён схадзіў да паветкі і, узброены кельмай, стаў чысціць дупло ўглыб. Неўзабаве рабро кельмы стала рэзаць цёмна-жоўты воск сотаў, нібы толькі што налітых мёдам, свежым і духмяным.

І тады Колб пабег у хату за якой пасудзінай. Мёду таго было столькі, што нарэзаў кельмай ледзь не поўную алюмініевую місу. Мёд з таго дупла ў старадаўняй калодзе быў цёмны, густа-духмяны, аддаваў крыху нейкай горыччу, нібыта тванню, але на смак быў і салодкі, і прыемны. Пра Колбаву знаходку праведалі суседзі. Прыйшлі, паглядзелі, падзівіліся, пакаштавалі, узяўшы на цёску, таго мёду. Нічога, напраўду салодкі. Сталі калупаць соты, а хто пайшоў дахаты па збанок ці слоік.

— Дуб мой, — заявіў гаспадар, — я за яго самагонку трактарыстам ставіў. Думаў, падруба будзе пад хату, а ён, халеру на яго, дуплаваты, пусты ў сярэдзіне.

З гэтым словамі Колб пастукаў абухам сякеры па калодзе. Яна, бо і напраўду пустацелая, ажно крыху і загула.

Суседзі пастаялі, папераглядваліся, маўляў, што робіцца: скнарны Колб, вядома, але ўжо ж не да такога — дармавога мёду шкадуе, ды якога яшчэ мёду — гразі нейкай. Да Колба дайшлі суседавы пераглядкі, і ён махнуў рукой, маўляў бярыце, што ўжо тут, не шкада. Сталі людзі вышкрэбваць соты: і рэзалі, і калупалі да самага вечара, пакуль не села за лесам сонца, і каля рэчкі зрабілася цёмна. Ды яшчэ з-за рэчкі, з азярын насунулася цэлая хмара камарэчы, і яны пачалі так зверстваваць, што трэба было ўцякаць па хатах.

Ён ачуўся ад настойлівага стукату. Яшчэ калі не быў пры поўнай свядомасці, яшчэ тады, калі раптам з абсалютнай, нібы вечнай цемры нечакана ўзнік толькі малесенькі кавалачак, мізэрны фрагменцік самаўсведамлення; яшчэ калі яму здавалася, што ён знаходзіцца ў глыбокім сне, проста на дне нейкага вычварна глыбокага, амаль бясконцага калодзежа; ледзь не ўслед за з’яўленнем першых крапялінак свядомасці ён і пачуў роўны, метадычны стук, раўнамернае пастукванне, якое нібы гаварыла яму: «Уставай, падымайся, хопіць табе ляжаць, хопіць табе быць нерухомым».

Ён хацеў быў варухнуцца, але нічога не адбылося. Ён не адчуваў ні рук, ні ног. І твару ён не адчуваў — ні вуснаў, ні вачэй… І ў той жа час чуў выразны стук, сапраўднае пагрукванне, якое напамінала яму нешта да болю знаёмае.

Ён паспрабаваў моцна заплюшчыць вочы, а потым расплюшчыць іх, але зноў нічога не адбылося. Толькі ўзнік тупы боль. І адразу — нібы гарачая хваля абдала яго з ног да галавы — яму захацелася дыхаць. Але ён нібы не ведаў, як гэта рабіць, ён нібы ніколі не ўмеў гэтага рабіць. Ён разумеў, што калі не ўдыхне — загіне ад задухі. Яму трэба было ўдыхнуць паветра, глытнуць свежага духу, але імгненні прабягалі за імгненнямі, а нічога новага ў ім не адбывалася. І ён задыхаўся, пакутліва ўсведамляў, што задыхаецца і на некаторы час свядомасць зноў пакідала яго, ён зноў нібы адключаўся, правальваўся скрозь бясконцае дно, але зноў капяліначка свядомасці, нібы цьмяны ўпарты светлячок, узнікала з небыцця, каб выклікаць новую хвалю пакуты, болю, нясцерпнай жады ўдыхання і немагчымасці варухнуцца, удыхнуць на поўныя грудзі.