Читать «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу...» онлайн

Алесь Наварыч

Annotation

У аповесці Алеся Наварыча «Пакланюся Перуну, памалюся Вялесу…» манах, закансерваваны ў дупле з мёдам, ажывае і праз тысячу гадоў з’яўляецца ў нашым часе. Гэта — фантастыка, якую Алесь Наварыч робіць вельмі жыццёвай і рэальнай.

Алесь НАВАРЫЧ

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

Алесь НАВАРЫЧ

«Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…»

Аповесць

1

Савіцкі зачытаў гадавыя адзнакі, павіншаваў дзяцей з заканчэннем восьмага класа і паглядзеў на гадзіннік — да канца ўрока заставалася колькі часу. Ён глянуў на клас і з хітраватай усмешкай прамовіў:

— Ну, а цяпер расказаць сапраўдную гісторыю?!

— Раскажыце, раскажыце! — наперабой сталі прасіць дзеці і вочы ў іх загарэліся жывой цікаўнасцю.

Настаўнік уздыхнуў, падняўся з-за стала, нахмурыўся, абхапіў рукамі галаву і прайшоўся раз-другі паўз класную дошку. Дзеці сцішыліся.

Настаўніка Савіцкага ў школе любілі ўсе класы. Ён мог бясконца распавядаць не толькі пра гістарычныя падзеі, але і ўвогуле цікава расказваць пра жыццё. Акрамя таго быў добры выдумшчык, гэта значыць упрыгожваў, як мог аздабляў свае расповеды. Як і ўсе гісторыкі меў багатую фантазію. Амаль на кожным уроку пасля выкладання праграмнага матэрыялу, звычайна пад канец заняткаў, частаваў навучэнцаў чарговай порцыяй сваёй прыдумкі. Бальшыня вучняў любілі гэтыя настаўніцкія шчыраванні, але былі і такія дзеці, што іранічна ставіліся да баек дарослага чалавека і называлі настаўніка Савіцкага няйначай, як Троцкі.

Цяпер, на апошнім у навучальным годзе ўроку Савіцкі павінен быў прыдумаць нешта асабліва цікавае, таму вучні і сцішыліся, каб даць выкладчыку гісторыі сабрацца з думкамі, з фантазіяй.

— Слухайце, — пачаў урэшце Савіцкі, пацёршы вузкія тонкія рукі, што таксама выдавала ў ім вялікага гаваруна, — мо пяцьсот год назад, мо тысячу, уявіце сабе — нават ажно можа тысячу! — па дарозе са стольнага горада Кіева ў наш край, дзе цякуць рэкі Г арынь і Ясельда, Ствіга і Льва, з сакрэтным пасланнем ад настаяцеля аднаго з кіеўскіх манастыроў быў выпраўлены манах. Ішоў ён сюды, недзе ў тутэйшы манастыр, які размяшчаўся тут, на нашай зямлі. Мо нават гэта быў не манастыр, але гэткі скіт, гэта значыць — паселішча, выселкі, дзе жылі адсельнікі, ну, на той час — місіянеры, бо насельніцтва толькічасткова было хрысціянскім. Важнае паведамленне, якое мусіў той манах перадаць, было напісана на пергаміне, скручана ў трубачку і схавана ў посаху — устаўлена ў пустое дзяржальна і заліта смалой. Гэта каб па дарозе манаха не абрабавалі і ніяк не даведаліся аб сакрэтным пасланні аднаго настаяцеля другому…

Па калідоры ўжо хадзілі адпушчаныя з ўрока вучні, але гісторыя, было відаць па натхнёным твары настаўніка, абяцала быць проста неверагоднай, таму вучні слухалі ўважліва, а некаторыя сядзелі, як зачараваныя.

— І вось гэты манах ішоў рознымі дарогамі, ішоў адзін, каб ніхто больш не ведаў пра пасланне, пра тое, што ён увогуле некуды ідзе. Яму належала выканаць загад свайго кіраўніка, і ён адважна перабіраўся праз рэкі, прадзіраўся праз няходжаныя пушчы і балоты, начаваў адзін у лесе, адпуджваў агнём дзікіх звяроў, словам, змагаўся з прыродай. А ведаеце, якая тады яна была, наша прырода?