Читать «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу...» онлайн - страница 2

Алесь Наварыч

— Якая? — перапыталі дзеці.

— У час нерасту па галовах чарнаморскіх асятроў можно было рэчку перайсці.

Нейкая дзяўчынка хмыкнула. Настаўнік не павёў і вухам.

— Словам, лес — не прабіцца. Ну, няважна… І вось аднойчы з захаду з’явілася чорная хмара. Чорная і вялікая. Абяцалася навальніца. Яна неўзабаве і накаціла. Манах бачыў, што наперадзе, там, куды яму трэба было ісці, бушуе сапраўдная бура, цурбоніць моцны дождж, б’юць маланкі і грыміць так, што яму зрабілася страшна. Гэта мы цяпер разумеем, што чаго палохацца навальніцы?.. А тады, на тыя часы, людзі моцна баяліся бога грому — Перуна.

— А ён жа быў манахам, хрысціянінам, — перабіла настаўніка адная дзяўчына, беленькая, крыху вушатая, з плямамі румянцу на шчоках. — Чаго яму баяцца паганскага бога?

Настаўнік знакам рукі даў зразумець дзяўчыне, што ён звярнуў на яе словы ўвагу, толькі, маўляў, выслухай да канца, у рэшце рэшт гэтая няўвязка ўсё роўна састыкуецца.

— Што вам сказаць? Спужаўся манах. Кінуўся на коленцы маліцца, стаў біць галавой аб зямлю, уздымаць вочы ўгару, адрасуючы свае просьбы аб ратаванні Усявышняму. І вось так, паглядваючы ўгару, убачыў, што вялікае дрэва, якое было недалёка ад таго месца, дзе ён стаяў на беразе ракі, мае пасярэдзіне чорную дзірку. «Дупло! — скеміў манах. — Ды вялікае. А ці не паспрабаваць мне туды схавацца?!» Падумаў так, ды так і зрабіў. Добра, што галіны дуба, а гэта быў менавіта дуб, раслі нізка і да дупла можна было дабрацца без асаблівых цяжкасцей. Залез манах у дупло, сядзіць у тым дупле, суха там, цёпла, а дождж наляцеў, бура разыгралася, паліло як з цэбра, маланкі зашугалі ад аднаго краю неба да другога…

Настаўнік зрабіў паўзу, перавёў дыханне, агледзеў вучняў і з неадменнай хітрынкай у вачах спытаўся:

— І што, вы думаеце, было далей?

— Не ведаем! — хорам адказалі вучні, быццам загіпнатызаваныя расповедам настаўніка.

— А далей было вось што: нечакана ў той дуб са страшэнным грукатам ударыла маланка. Такая моцная, што раскалола магутнае дрэва ад вершаліны да нізу, да самага камля…

Рэзка і пранізліва празвінеў званок, вучні ўздрыгнулі ад нечаканасці, але не кінуліся з класа, наадварот, уражаныя расказаным, чакалі, што будзе далей.

— Можа, ідзіце? — з усмешкай прапанаваў настаўнік, упэўнены, што ніхто і з месца не кранецца.

— Не, што, што далей было?! — закрычалі ад нецярпення вучні.

— А тое і было, што гэты велізарны абломак дуба, лічы, увесь дуб разам з дуплом і разам з манахам, які сядзеў у тым дупле, абрынуліся з абрыва ў раку. І зніклі пад каламутнай вадой.

Настаўнік на момант замоўк.

— І што, утапіўся манах? — спыталася беленькая дзяўчына, якая і гмыкала, і перабівала настаўніка пытаннем пра хрысціянства манаха. Яна спакавала рэчы ў партфель і сабралася ісці — урок жа скончыўся.

— Не, дзеці, не ўтапіўся. Здарылася так, што манаха ўдарыла маланка, і ён, атрымаўшы ўдар электрычным токам, імгненна заснуў. Упаў у летаргію, не памёр, але мозг ягоны, ды і ўвесь арганізм адключыўся. І праляжаў наш манах у тым дупле цэлую доўгую мо тысячу гадоў…