Читать «Тамтэй (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Мопассан Ги Де

Вы спытаецеся: а матылёк? Жывая кветка, якая лётае. Але я ўяўляю матылька велiчынёй з сотню сусветаў, з крыламi, што я не магу нават выказаць iх формы, прыгажосцi, колеру, руху. Але я яго бачу... ён лётае мiж зорак, агортваючы iх свежасцю i духмянасцю. А людзi там, угары, глядзяць на яго з замiлаваннем i захапленнем!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Што са мною робiцца? Гэта ён, ён, Тамтэй, ён гняце мяне, ён падказвае мне гэтыя вар'яцкiя думкi! Ён ува мне, ён робiцца маёй душой. Я заб'ю яго!

19 жнiўня. - Я заб'ю яго! Я яго бачыў! Учора я сеў за стол i прыкiнуўся, што нешта вельмi ўважлiва пiшу. Я ведаў, што ён будзе хадзiць вакол мяне, зусiм побач, так блiзка, што можна будзе памацаць, схапiць яго. I тады... тады ў безнадзейнай роспачы я збяру ўсю сваю моц i рукамi, каленямi, грудзямi, iлбом, зубамi я задушу яго, расцiсну, увап'юся ў яго, раздзяру на шматкi.

Я пiльнаваў яго, напружыўшы да немагчымага ўсе пачуццi.

Я запалiў быў дзве лямпы i восем свечак, быццам спадзеючыся хутчэй яго заўважыць у гэткай светласцi.

Проста перада мной стаiць мой стары дубовы ложак, справа - камiн, злева дзверы, якiя я шчыльна замкнуў, патрымаўшы доўгi час адчыненыя, каб завабiць яго. Ззаду - высачэзная шафа з люстрам, перад якiм я кожнага дня галюся, адзяюся i ў якiм я разглядваю сябе з галавы да ног кожнага разу, калi я яго мiнаю.

Так я i сядзеў, прыкiдваючыся, што пiшу, каб увесцi яго ў зман, бо ён таксама сачыў за мною. I раптам я адчуў, я быў упэўнены, што ён чытае з-за майго пляча, што ён там, побач з маiм вухам.

Я ўскочыў, выставiўшы рукi, i павярнуўся так хутка, што ледзь не ўпаў. I што? Было светла, як удзень, але я не ўбачыў сябе ў люстры! Яно было пустое, яснае, глыбокае, поўнае святла! Мяне там не было, хоць я стаяў насупраць! Я глядзеў, вытрашчыўшы вочы, на чыстае шкло i баяўся падысцi блiжэй. Я баяўся паварушыцца, хоць i адчуваў, што ён недзе тут, што ён зноў уцячэ, той, чыё нябачнае цела паглынула маё адлюстраванне.

Я так напалохаўся! Пасля раптам я ўбачыў сябе ў глыбiнi люстра, але няясна, нiбы ў тумане, нiбы праз слой вады, i мне здавалася, што гэтая вада павольна цячэ злева направа - з кожнай секундай адлюстраванне рабiлася выразнейшае. Зацьменне канчалася. Тое, што мяне засланяла, здаецца, не мела выразных контураў, гэта была нейкая празрыстая непразрыстасць, якая паволi прасвятлялася.

Урэшце я зноў убачыў усяго сябе, як кожнага дня, калi гляджуся ў люстра.

Я яго бачыў! Я так напалохаўся, што i цяпер яшчэ дрыжу.

20 жнiўня. - Забiць яго! Але як? Я ж не магу яго схапiць. Атрута? Але ён убачыць, як я кладу яе ў ваду. I яшчэ: цi нашыя яды здолеюць пашкодзiць яму? Не, вядома ж, не... Тады... што ж тады?..