Читать «Клубок гадзюк» онлайн - страница 3
Франсуа Мориак
Больш як сорак гадоў адпакутавалі мы з табою разам, і за ўвесь гэты час ты ніколі не вымавіла ніводнага слова, якое закранала б штосьці істотнае, глыбокае ў нашым сумесным жыцці. Кожны раз табе ўдавалася ўхіліцца і прамаўчаць…
Доўгі час я думаў, што гэта свядома выпрацаваная табой сістэма паводзін, і ўсё ніяк не мог уцяміць, навошта яна табе спатрэбілася. Але аднойчы я нарэшце зразумеў, што маё жыццё цябе проста не цікавіць. Я апынуўся далёка за колам тваіх інтарэсаў, заняткаў, клопатаў і стаў табе чужы. Ты пачала пазбягаць мяне, і не таму, што чагосьці баялася, а таму, што табе было сумна са мной. Ты добра адчувала, адкуль дзьме вецер, і наперад ведала пра кожную маю спробу зблізіцца з табой. А калі ўсё ж я заставаў цябе знянацку, ты знаходзіла якія-небудзь лёгкія адгаворкі, цалавала мяне ў шчаку і хуценька знікала…
Ці варта мне баяцца, што ты парвеш гэтае пісьмо, як толькі прачытаеш першыя радкі? Хутчэй за ўсё — не. Вось ужо некалькі месяцаў, як я здзіўляю, інтрыгую цябе. Хоць ты амаль і не глядзіш у мой бок, ты не магла не заўважыць некаторых перамен у маім настроі. І на гэты раз я ўпэўнены, што ты ад мяне нікуды не ўцячэш. Я хачу, каб ты, твая дачка, твой сын, твой зяць, твае ўнукі даведаліся нарэшце, які быў гэты чалавек, што быў вам мужам, бацькам, цесцем, дзедам… Гэты пажылы стомлены адвакат, якога трэба было берагчы і апякаць, бо кашалёк быў у яго руках… Гэты чалавек, які адзінока пакутаваў на другой планеце. На якой планеце? Табе ніколі і ў галаву не прыйшло зазірнуць туды. Супакойся: гэта не надмагільнае слова ў гонар маёй асобы і не абвінаваўчая прамова супраць вас. Галоўнай якасцю маёй натуры, якая да глыбіні душы ўразіла б любую жанчыну (акрамя цябе, безумоўна), з'яўляецца мая жорсткая, бязлітасная яснасць думкі і слова.
Ашукваць самога сябе, што дапамагае жыць большасці людзей, я так за ўвесь свой век і не навучыўся. А калі мне здаралася рабіць нейкае паскудства, то я першы разумеў сутнасць свайго ўчынку.
Быў вымушаны зрабіць перапынак — чакаў, пакуль прынясуць лямпу і зачыняць аканіцы. Доўга глядзеў у акно і любаваўся прыгожымі танамі чарапіцы на страсе віннага склада, — адны яркія, нібы кветкі, а другія пераліваюцца, як галубіная шыйка. Дзесьці ў шатах пірамідальнай таполі спяваў дрозд. Яго прыемную бесклапотную песню перабіў грукат пустой бочкі, якую кацілі па двары. Мне, відаць, пашанцавала, што я магу чакаць сваёй смерці ў гэтым дарагім майму сэрцу куточку, дзе ўсё засталося такім, як і ў маленстве. (Праўда, скрып кола водачарпалкі, якое некалі круціла асліца, цяпер змяніўся аднастайным тахканнем маторчыка. Ды яшчэ не дае жыцця гэты паштовы самалёт, што кожны надвячорак пралятае над домам і адно брудзіць нябесны блакіт.) Не кожнаму дадзена штодня бачыць проста перад сабой, у рэальным жыцці, той свет свайго мінулага, які да большасці з нас прыходзіць толькі тады, калі ў нас хапае мужнасці, часу, цярпення аддацца далёкім успамінам. Я прыкладаю руку да грудзей і прыслухоўваюся да частых няроўных удараў сэрца. Гляджу на шафу з люстэркам: там у куточку — шпрыц, ампулы амілнітрыту, таблеткі, словам, усё, што трэба, калі пачнецца прыступ. Толькі вось ці пачуюць мяне, калі спатрэбіцца дапамога. Усе супакойваюць мяне і гавораць, што ў мяне толькі нешта падобнае на грудную жабу. А я лічу, што робіцца гэта хутчэй дзеля таго, каб самім спаць спакайней. Асцярожна раблю ўдых. Адчуванне непрыемнае — нібы нехта паклаў мне на левае плячо руку і сціскае яго, нібы хоча сказаць: «Я тут, не забывайся». Што ж, мушу прызнаць: смерць ставіцца да мяне, бадай, прыхільна і не робіць сакрэту, што хутка пакліча мяне за сабой. Вось ужо шмат гадоў яна ходзіць зусім побач. Я чую яе крокі, адчуваю яе дыханне. Яна цярпліва чакае. Праўда, і я сам з ёю памяркоўны і паслухмяна раблю ўсё, чаго яна вымагае. Як і належыць хвораму старому, я дажываю свой век у халаце, сяджу ў мяккім глыбокім крэсле з падушкамі, дзе калісьці чакала свайго смяротнага часу і мая мама. Як і тады, увесь столік застаўлены лякарствамі. Я кепска паголены. Ад мяне дрэнна пахне. Я стаў рабом нейкіх дзівацкіх прывычак. Але не глядзіце на гэта: калі прыступ праходзіць, я зноў ажываю і магу пастаяць за сябе. Я зноў бываю ў майго паверанага Буру, які ўжо быў гатоў спісаць мяне з гэтай грэшнай зямлі. У мяне хапае сілы цэлымі гадзінамі стрыгчы купоны ў падвалах банка.