Читать «Клубок гадзюк» онлайн - страница 2
Франсуа Мориак
Схільнасць да сваркі — гэта наша сямейная спадчына. Не раз чуў я ад маці, што і ў майго бацькі на доўгі час былі разладзіліся адносіны з яго бацькамі, а тыя за трыццаць гадоў так і не змаглі памірыцца з дачкою, якую выгналі з дому, і так і сканалі, не пабачыўшы яе (ад яе пайшлі мае дваюрадныя браты ў Марселі, з якімі мы ніколі не былі знаёмыя). Малодшыя пакаленні звычайна нічога не ведалі пра прычыны сямейных канфліктаў, але, поўнасцю давяраючы старэйшым, убіралі ў сябе нянавісць продкаў; я і сёння, бадай, калі б сустрэў на вуліцы сваіх марсельскіх кузенаў, адвярнуўся б ад іх. Можна не бачыцца з далёкімі сваякамі, але куды дзецца ад жонкі, ад дзяцей?
Вядома, ёсць і дружныя, згуртаваныя сем'і, але, як падумаеш, колькі ў нас шлюбаў, дзе муж і жонка даўно абрыдзелі адно аднаму і даводзяць адно аднаго да адчаю, хоць і ядуць за адным сталом, мыюцца з аднаго ўмывальніка, спяць пад адной коўдрай, то можна толькі падзівіцца, што ў нас так мала разводаў!.. Ненавідзяць, точаць зубы адно на аднаго, а ратавацца, уцякаць — не адважваюцца; так і жывуць пад адным дахам…
Чаму мне так хочацца пісаць сёння — у дзень майго нараджэння? Мне пайшоў шэсцьдзесят восьмы год, але ведаю пра гэта толькі я адзін. Жэнеўева, Хюбэр, іх дзеці кожны раз у дзень нараджэння маюць пірог са свечкамі, кветкі… Табе я ўжо даўно нічога не дарыў, але не таму, што забываюся пра дзень твайго нараджэння… Гэта мая помста… Ды хопіць пра гэта… Апошні раз я атрымаў падарунак ад маёй беднай мамы. Старэнькая, нядужая, з хворым сэрцам, яна тады ледзь дайшла да кветніка і сваімі аслабелымі рукамі зрэзала некалькі ружаў…
Ага, дык на чым жа гэта я спыніўся? А, — ты, вядома, ніяк не можаш даўмецца, чаму мне так закарцела пісаць. Так, так, — іменна закарцела. Можа, табе падкажа што-небудзь мой почырк, гэтыя літары, што пахіліліся ў адзін бок, нібы сосны ад заходняга ветру. Помніш, у пачатку пісьма я гаварыў, што доўга абдумваў сваю помсту, — і вось я адмаўляюся ад яе. Але ёсць у цябе нешта, над чым я ўсё ж такі атрымаў перамогу: гэта тваё маўчанне. О! Зразумей мяне правільна: па слова ты ў кішэню не лезеш. Ты можаш гадзінамі гаварыць з Казо пра гарод ці курэй. Ты можаш цэлымі днямі весела шчабятаць і сюсюкаць з дзецьмі, нават з немаўлятамі. Але са мной!.. Ах, гэтае панурае маўчанне за сямейным сталом! Як яно мяне прыгнятала! Стомлены, разбіты, уставаў я з-за стала і заставаўся сам-насам з сваімі клопатамі і нягодамі. Падзяліцца імі мне не было з кім: вакол панавала маўчанне… Асабліва невыносна стала мне дома пасля справы Вільнаў, калі я адразу праславіўся і стаў «вядомым адвакатам-крыміналістам», як пісалі газеты. Чым больш хацеў я паверыць у сваю значнасць, тым больш ты старалася паказаць мне, што я нікчэмнасць… Ды не пра гэта гаворка, і не за гэта хачу я табе адпомсціць, а за тваё ўпартае маўчанне, калі справа датычылася нашага сямейнага жыцця, нашага глыбокага разладу. Колькі разоў, паглядзеўшы п'есу ў тэатры ці прачытаўшы новы раман, я зноў і зноў ставіў сабе адно і тое пытанне: няўжо і ў жыцці ёсць палюбоўніцы або жонкі, якія могуць закаціць сцэну, гаварыць праўду ў вочы і знаходзіць сабе ў гэтым палёгку?..