Читать «Клубок гадзюк» онлайн - страница 6

Франсуа Мориак

А я клаўся спаць і ўставаў з адной толькі думкай: паступіць у Эколь Нармаль[1]. У чацвер і нядзелю[2] мяне амаль немагчыма было выгнаць на двор, («каб хоць праветрыўся»). Я не з тых дзяцей, якія хваляцца, што сталі выдатнікамі без ніякіх намаганняў. Я быў зубрылам і ганарыўся гэтым: «Зубрыла! А што тут такога?!» Не скажу, што ў ліцэі я з вялікім задавальненнем вывучаў Вергілія ці Расіна. Але што зробіш: задалі — значыць, чытай, зубры і нічога не думай. Праграма ёсць праграма. Са скарбніцы чалавечага генія я вылучаў толькі тыя шэдэўры, што былі пазначаны ў праграме. Толькі яны мелі для мяне значэнне. І я пісаў пра іх у сваіх сачыненнях тое, што трэба было пісаць, каб дагадзіць выкладчыкам, — гэта значыць тое, што сотні разоў гаварылася і пісалася цэлымі пакаленнямі абітурыентаў, якія паступалі ў Эколь Нармаль. Вось такім я быў ідыётам, і, магчыма, ім бы і застаўся на ўсё жыццё, калі б за два месяцы да ўступных экзаменаў не пачаў харкаць кроўю. Хвароба страшэнна напалохала маці, і я быў вымушаны ўсё кінуць.

Гэта была расплата за празмернае зубрэнне ў дзяцінстве і юнацтве. Калі хлопчык расце, развіваецца, нельга яму ад раніцы да ночы сядзець за пісьмовым сталом, згорбіўшыся над кнігамі і сшыткамі. Трэба даваць яму хоць якую фізічную нагрузку.

Табе сумна? Як я гэтага баюся, але прашу цябе: не прапускай ніводнага радка. Павер, я гавару толькі пра самае неабходнае: уся трагедыя нашага сумеснага жыцця пачынаецца з гэтых маленькіх непрыкметных падзей, — ты пра іх не ведала альбо забылася.