Читать «Клубок гадзюк» онлайн
Франсуа Мориак
Франсуа Марыяк
Клубок гадзюк
Вораг усіх сваіх блізкіх, у душы — нянавісць і сквапнасць, — ганебная натура! І тым не менш я хачу, каб вы паспагадалі гэтаму чалавеку, каб лёс яго хоць трошкі запаў вам у сэрца. Да самай смерці ўбогія імкненні і парывы засланялі ад яго святло… А яно ззяла так блізка, што часам яркія промні даходзілі і да гэтай істоты і апякалі яе… Нікчэмныя, убогія імкненні…
Але перш за ўсё — людзі не такія ўжо і міласэрныя хрысціяне. Ён стаў іх пакутнікам і мучыцелем іх. Сярод нас вунь колькі строгіх суддзяў няшчаснага грэшніка! А менавіта яны і адводзяць ад яго ісціну, і ніколі ёй ужо не прабіцца праз іх натоўп!
Не, не грошай хацеў гэты скнара, не помсты прагнуў гэты вар'ят… Што ён любіў на самай справе, вы даведаецеся, калі ў вас хопіць сілы і мужнасці выслухаць яго споведзь разам з апошнім прызнаннем, што перапыняецца смерцю…
Частка першая
І
Ты не паверыш сваім вачам, калі адамкнеш мой сейф і знойдзеш там на стосе каштоўных папер гэтае пасланне! Можа, было б лепш даверыць гэтае пісьмо натарыусу, і ён перадаў бы яго табе пасля маёй смерці; або пакласці ў шуфляду пісьмовага стала, — дзеці, ведама, кінуцца туды адразу, калі яшчэ мой труп не паспее і астыць. Але справа ў тым, што многа год пісаў я ў думках і зноў перапісваў гэты доўгі ліст, і шмат разоў бяссоннымі начамі мне ясна бачылася, як ляжыць гэты дакумент помсты і адплаты на палічцы пустога сейфа. Дакумент, які рыхтаваўся амаль паўстагоддзя… Супакойся. Зрэшты, ты ўжо супакоілася: «Усе паперы там, на месцы». Я нібы чую гэты твой радасны вокліч. Ты вярнулася з банка і, не адхінуўшы нават жалобнага вэлюму, крычыш дзецям: «Усе паперы там, на месцы!»
А так мала не хапіла, каб іх там не аказалася: я ўжо збіраўся зрабіць усё, што трэба. Варта было мне толькі захацець, і ў вас цяпер нічога не было б, акрамя дома і зямлі. На ваша шчасце, нянавісць мая патухла: я перажыў яе, хоць доўгі час быў перакананы, што гэта і ёсць маё самае моцнае, самае жывучае пачуццё… Але, прынамсі, на сёння яно пакінула мяне. І мне, старому, дабітаму чалавеку, сёння цяжка нават сабе ўявіць таго вар'ята, які цэлымі начамі не так абдумваў сваю помсту (гэтая бомба замаруджанага дзеяння была ўжо даўно зроблена з такой руплівасцю, што я ганарыўся ёю), як шукаў спосабаў пацешыцца ёю. Я хацеў тады дажыць да таго моманту, калі ты вернешся з банка і адамкнеш пусты сейф. Як бы ў вас усіх выцягнуліся твары! Трэба было толькі выдаць табе даверанасць на права адчыніць сейф не надта рана і не надта позна, каб пацешыць сябе апошняй радасцю і пачуць вашы безнадзейныя галасы: «Дзе каштоўныя паперы? Дзе паперы?..» І мне здавалася тады, што нават самая пакутлівая агонія не сапсавала б майго радаснага настрою. А я быў здольны на такое. Аднак хто і калі давёў мяне да гэтага? Не быў жа я вылюдкам, пачварай.
Ужо чатыры гадзіны, а паднос, што стаіць на маім стале ад самага снедання, яшчэ не прынялі. Па брудных талерках поўзаюць мухі. Я званіў. Дарэмна. У вёсцы званкі заўсёды сапсаваныя. І я цярпліва чакаю ў тым самым пакоі, дзе спаў яшчэ хлопчыкам і дзе хутка, відаць, і памру. А ў дзень маёй смерці дачка мая Жэнеўева перш-наперш захоча адваяваць гэты пакой сваім дзецям. Я адзін займаю самы вялікі і самы лепшы пакой. Але ўспомніце і паглядзіце праўдзе ў вочы: я хацеў аддаць гэты пакой Жэнеўеве, і так бы і зрабіў, калі б не доктар Лаказ. Гэта ён тады даводзіў, што маім бронхам вельмі шкодзіць сырасць, і таму мне нельга жыць на ніжнім паверсе. І тым не менш я перайшоў бы туды, хоць і з горкай затоенай крыўдай… А калі ўсё ж мне не далі гэтага зрабіць, я шчыра парадаваўся. (Колькі я сябе памятаю, я заўсёды рабіў нейкія ахвяры. Адны ўспаміны пра іх атручвалі мне жыццё, пакідаючы ў душы зярняты злосці і крыўды, якія з часам давалі свае буйныя ўсходы.)