Читать «Мiхалка (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Болеслав Прус

Раз'едзенымi вапнай рукамi ён выцер вочы i падняў сваю сярмягу, раскiнутую на горбе цэглы i яшчэ як быццам цёплую. Выйшаў на вулiцу, пастаяў.

Нiчога не вiдно, толькi ў iмгле паблiскваюць чырвоныя агеньчыкi лiхтароў.

Мiхалка вярнуўся ў халодныя сцены i лёг на зямлi. Але не змог заснуць, цяжка ўздыхаў у самоце, тужачы па сваёй дзяўчыне.

Па сваёй, бо яна ж сама сказала, што будзе толькi яго любiць!

Назаўтра дзяцюк, як заўсёды, узяўся за працу.

Але праца не спорылася. Стомлены быў, дый дом гэты абрыдаў неяк. Дзе нi ступi, да чаго нi дакранiся, на што нi зiрнi - усё нагадвала дзяўчыну, горкае расчараванне. Людзi таксама кпiлi з яго:

- Ну што, дурны Мiхалка, праўда, што дзеўкi ў Варшаве дарагiя?

Дарагiя, ой, дарагiя! Дзяцюк патрацiў на сваю ўсё, што сабралася, сам галадаў, нiчога сабе не справiў, нiякай ласкi ад яе не паспытаў, i так яшчэ брыдка яго пакiнула.

Дрэнна было яму, сорамна. I таму, калi пачуў, што ў iншых месцах Варшавы такiм, як ён, лепш плацяць, упершыню пайшоў туды.

Iшоў Мiхалка за адным чаляднiкам, якi абяцаў завесцi яго на вулiцу, дзе будуюць найбольш дамоў.

Выйшлi яны раненька i добры кавалак дарогi валаклiся да Вiслы. Убачыўшы мост, дзяцюк ажно рот разявiў. На гэты момант i дзеўка вылецела з галавы.

Каля вартаўнiчай будкi ён завагаўся.

- Што з табой? - спытаўся чаляднiк.

- Не ведаю, пане, цi мяне тут прапусцяць? - адказаў Мiхалка.

- Дурань ты! - грымнуў на яго чаляднiк. - Калi хто-небудзь зачэпiць цябе, дык скажы, што iдзеш са мною.

"I праўда ж", - падумаў дзяцюк i здзiвiўся, што такi адказ раней не прыйшоў яму ў галаву.

Пасля ён здзiўляўся, убачыўшы купальнi i баркi: як гэта яны не топяцца ў вадзе, хоць i вялiкiя, i не хацеў даць веры, што ўвесь мост - з чыстага жалеза.

"Тут, вiдаць, нейкае ашуканства, - думаў ён. - Столькi жалеза, пэўна ж, i на ўсiм свеце няма!.."

Iшлi яны так, чаляднiк i Мiхалка, адзiн за адным, цераз мост, па адной вулiцы, па другой. Каля замка дзяцюк зняў шапку i перахрысцiўся, думаючы, што гэта касцёл. Каля кляштара бернардынаў яго амаль не задушыў амнiбус. Каля фiгуры маткi боскай перад багадзельняй ён хацеў стаць на каленi i памалiцца, ледзь той чаляднiк адцягнуў яго.

На вулiцах гоман, брычкi адна за адной, процьма людзей. Мiхалка адным саступаў дарогу, на другiх натыкаўся i аж бялеў са страху, каб часам не адлупцавалi. Нарэшце ў галаве яго ўсё пераблыталася - i ён згубiў чаляднiка.

- Пане!.. Пане!.. - пачаў крычаць у адчаi i паляцеў цераз вулiцу.

Нехта затрымаў яго, кажучы:

- Цiха ты, сабака!.. Тут крычаць не можна!

- Дык жа пан мой прапаў!

- Якi пан?

- Чаляднiк.

- Ну ж i пан!.. А куды табе трэба?

- Туды, дзе дом муруюць...

- Якi дом?

- Такi... з цэглы, - адказаў дзяцюк.

- Ат, дурань!.. Дык жа i тут дом муруюць... I там вунь! I тут!

- Ды я ж не бачу...

Яго ўзялi за плячук i пачалi паказваць.

- Во, глядзi! Тут адзiн дом будуюць... Тут другi...

- Ага! Ага! - сказаў Мiхалка i пайшоў да таго другога, бо не трэба было перабягаць цераз вулiцу.