Читать «Мiхалка (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Болеслав Прус

Пралазiў ён так дзень, другi, абмiнаючы гарадавых, каб не спыталiся пра пашпарт. Сталовай з цёплай ядой не знайшоў, харчаваўся толькi крывяной каўбасой, салам, хлебам, селядцом, запiваючы гарэлкай.

Ён ужо страцiў рубель, нiчога людскага не спажыўшы. Спаў пад плотам i сумаваў па людзях, бо не было з кiм словам перакiнуцца.

Падумалася дзецюку, а цi не лепш вярнуцца дахаты. Пытаўся ў прахожых, дзе тут чыгунка. Пайшоў туды, куды паказвалi, i трапiў на чыгунку, але не на сваю.

Убачыў нейкую вялiкую станцыю, многа людзей, дамы каля станцыi, а рэйкаў не было.

Разгубiўся страшэнна, спалохаўся, не ведаючы, што да чаго. А потым ужо нейкая добрая душа растлумачыла яму, што ёсць яшчэ тры чыгункi, аднак - за Вiслай.

Цяпер Мiхалка ўспомнiў, што iшоў сюды цераз мост. Пераначаваўшы ў нейкiм раўку, пачаў пытацца пра дарогу да моста. Расказалi яму дакладна, дзе iсцi проста, дзе налева, а дзе направа i дзе павярнуць. Запомнiў усё, але як пачаў iсцi i паварочваць, дык трапiў да Вiслы, але моста не знайшоў.

Дык i вярнуўся ў горад. На бяду пачаўся дождж. Людзi хавалiся пад парасоны, а ў каго не было - той уцякаў. Пад такiм лiўнем Мiхалка не асмельваўся пытацца пра дарогу.

У самы найбольшы дождж ён згорбiўся пад сцяной, застыўшы ў сваёй прамоклай сярмязе, i пацяшаў сябе тым, што хоць босыя ногi пад лiўнем адмыюцца.

Калi ён стаяў так, збялеўшы, а вада па доўгiх валасах аплывала яму за кашулю, каля яго спынiўся нейкi пан.

- Жабрак? - спытаўся ён.

- Ды не.

Пан прайшоў трохi наперад i зноў спытаўся, вярнуўшыся:

- Але ж есцi хочацца?

- Ды не.

- I не холадна?

- Ды не.

- Дурань нейкi! - мармытнуў пан. А потым: - Але ж грыўню ўзяў бы?

- Калi б пан даў, дык узяў бы.

Пан даў i пайшоў сабе, штосьцi мармычучы.

Пасля ён зноў спынiўся, паглядзеў на мужыка, нiбы вагаючыся, аднак урэшце пайшоў назусiм.

Мiхалка трымаў у жменi манецiну i думаў, здзiўлены:

"Глядзi, якiя тут бываюць добрыя паны!"

I падумаў раптам, што такi добры пан мог бы паказаць яму i дарогу да моста!.. Аднак ужо было позна.

Ноч пачалася, запалiлi лiхтары, а дождж прыпусцiўся гусцейшы. Дзяцюк шукаў вулiцу, каб найцямнейшую. Павярнуў туды, сюды. Заўважыў новабудоўлi i пазнаў раптам вулiцу, дзе раней працаваў.

Тут вось канчаецца брук. Тут паркан. Там склад вуголля, а там яго дом. У некалькiх вокнах гарыць святло, а праз адчыненыя вароты вiдаць незакончаныя флiгелi.

Дзяцюк увайшоў у двор. Дзе-дзе, а тут яму належыцца начлег. Ён жа сам гэты дом будаваў.

- Гэй! Гэй! А куды ты? - гукнуў за iм з ганка чалавек у доўгiм кажусе.

Вiдаць, ужо было холадна на дварэ.

Мiхалка павярнуўся.

- Гэта я, - сказаў ён. - Iду спаць у сутарэнне.

Чалавек у кажусе абурыўся:

- Тут што - жабрацкi гатэль, каб вам начаваць?

- А я ж тут рабiў усё лета, - збянтэжыўся дзяцюк.

У сенцах паказалася вартаўнiкова жонка, непакоячыся пра мужа.

- Што тут робiцца?.. Хто гэта?.. Можа, злодзей? - спыталася яна.

- Ды не. Толькi вось гэты кажа, што ён тут працаваў, што i начлег яму належыцца... Дурнаваты!..