Читать «Мiхалка (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Болеслав Прус

Ноч была халодная i сырая.

- Холадна табе? - спытаўся дзяцюк.

- Холадна.

Яна плакала, а ён пасадзiў яе на горбе цэглы. Зняў сярмягу i атулiў дзяўчыну, а сам застаўся ў адной кашулi.

- Не плач!.. Не плач! - гаварыў. - Толькi адну ноч так прасядзiш. Ёсць жа ў цябе рубель, вось заўтра i ноймем кватэру, а спаднiцу я за свае табе куплю. Толькi не плач...

Аднак дзеўка не звяртала ўвагi на тое, што ён ёй гаварыў. Яна ўзняла галаву i прыслухоўвалася. Ёй здавалася, што з вулiцы чуваць знаёмую хаду.

Той хтосьцi наблiзiўся. Пачаў свiстаць i гукаць:

- Дахаты iдзi! Ты!.. Дзе ты там?

- Я тут! - адказала дзяўчына ўсхапiўшыся.

Выбегла на вулiцу, дзе стаяў чаляднiк.

- Я тут! - паўтарыла.

- А грошы ёсць? - спытаўся чаляднiк.

- Ёсць! Во яны... На! - сказала, падаючы яму рубель.

Чаляднiк схаваў рубель у кiшэню. Тады схапiў дзеўку за валасы i пачаў бiць, прыгаворваючы:

- Другiм разам слухайся, бо на парог не пушчу... Рублём не адкупiшся!.. Слухайся!.. Слухайся! - паўтараў ён, лупцуючы яе кулакамi.

- А божа ж мой!.. - крычала дзеўка.

- Слухай!.. Слухай, што я кажу...

Ды раптам ён пусцiў дзяўчыну, бо адчуў, што за карак яго ўчапiлася магутная рука. Сяк-так павярнуў галаву i ўбачыў Мiхалкавы раз'ятраныя вочы.

Чаляднiк быў хлопец хват, ён чарпануў Мiхалку кулаком па лабацiне, ажно ў таго ў вушах зазвiнела. Аднак чаляднiкаў карак не выпусцiў, нават сцiснуў яго мацней.

- Задушыш мяне, зладзюга ты... дык пабачыш тады! - хрыпата застагнаў чаляднiк.

- А ты не бi яе! - сказаў дзяцюк.

- Не буду, - мармытнуў той, высалапiўшы язык.

Мiхалка пусцiў руку, а чаляднiк ажно захiстаўся. Глытнуў разоў колькi паветра, а потым сказаў:

- Не хоча, каб я бiў яе, дык няхай са мною не ходзiць... Хоча любiць - хай любiць, але я б'ю, бо ўжо такi мой звычай!.. Што з тае дзеўкi, якую нельга бiць?.. Няхай iдзе да лiхаматары!

- I пойдзе... Падумаеш! - сказаў дзяцюк.

Але дзяўчына злавiла Мiхалку за рукi.

- Пакiнь ты ўжо, - гаварыла яна, дрыжучы i абдымаючы яго. - Не лезь у нашы справы...

Дзяцюк анямеў.

- А ты дадому iдзi, - сказала дзеўка чаляднiку, узяўшы яго пад руку. Навошта, каб хто з цябе тут кпiў на вулiцы...

Чаляднiк вырваўся ад яе i, смеючыся, сказаў:

- Iдзi сабе да яго! Ён цябе бiць не будзе... Ён жа табе i грошы даваў...

- Ат! Пакiнь ты!.. - узлавалася дзеўка i пайшла.

- Бачыш, з бабай трэба як з сабакам! - сказаў чаляднiк, паказаўшы на дзеўку рукой. - Лупцуй яе, а яна за табой у агонь палезе...

I знiк. Толькi ў начной цiшынi чуўся ягоны злосны смех.

Дзяцюк стаяў, глядзеў iм услед, прыслухоўваўся. Потым вярнуўся да рыштавання i паглядзеў на тое месца, дзе толькi што сядзела дзеўка.

Галава кружылася, а грудзi не маглi злавiць паветра. Толькi што яна сказала яму, што будзе любiць i - узяла ды пайшла. Толькi што ён быў такi шчаслiвы, толькi што было тут так добра з жывою iстотай, да таго ж з дзяўчынай, а цяпер - так пуста i сумна!

Чаму яна пайшла?.. Вядома ж, таму, што так ёй хочацца, так падабаецца!.. I нiчога ён тут не зробiць, хоць i добры, i дужы!.. Iнстынктыўна ён шанаваў дзяўчыну за яе адданасць чаляднiку, не злаваўся, што парушыла дадзенае яму абяцанне, не збiраўся сiлай навязваць ёй свае пачуццi. Але, нягледзячы на ўсё гэта, так шкадаваў яе, так шкадаваў!..