Читать «Мiхалка (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Болеслав Прус

- Нешта не любiць ён дзеўку, - сам сабе гаварыў Мiхалка. - Але нiчога не зробiш: на тое ён i чаляднiк, каб нас падштурхоўваць...

Затое ўжо сам ён стараўся за ўсю тую крыўду рабiць дзяўчыне палёгку. Увесь час працаваў за сябе i за яе. Снедаючы, дзялiўся з ёю хлебам, а ў абед купляў ёй баршчу за пяць грошаў, бо ў дзеўкi амаль нiколi не было за што купiць.

Калi iх прызначылi насiць цэглу наверх, дзяцюк не мог ужо выручаць сваю сяброўку, бо тут прыглядалiся майстры.

Аднак па гнуткiх дошках рыштаванняў хадзiў ён за ёю след у след i вельмi ж баяўся, каб яна не спаткнулася i цэгла не прывалiла яе!

Бачачы такую яго заклапочанасць, той чаляднiк пакеплiваў з Мiхалкi i паказваў на яго iншым. Тыя таксама смяялiся i крычалi зверху:

- На, дурань, на!..

Неяк апоўднi чаляднiк паклiкаў дзяўчыну ўбок, чагосьцi ўсё ад яе дамагаўся, нават i штурхануў мацней, чым заўсёды. Пасля той гутаркi яна падышла да Мiхалкi заплаканая i спыталася, цi не пазычыць ён ёй дваццаць грошаў.

Чаго б у яго для яе не было! Ён хуценька развязаў вузельчык, дзе былi грошы, яшчэ прывезеныя са станцыi, i адлiчыў ёй, колькi прасiла.

Дзяўчына занесла дваццаць грошаў чаляднiку, i з той пары не было амаль нiводнага дня, каб дзяцюк не рабiў ёй тых безнадзейных пазыкаў. Потым аднойчы нясмела спытаўся ў яе:

- Навошта ты даеш грошы гэтаму нелюдзю?

- Ды так ужо, - адказала дзеўка.

Неяк раз чаляднiк пасварыўся з пiсарам i пакiнуў працу. Мала таго, што сам пакiнуў, дык яшчэ i дзяўчыне загадаў, нiбы служанцы якой, зрабiць тое самае iсцi за iм.

Дзяўчына завагалася. Аднак, калi пiсар прыгразiў, што калi яна не дабудзе да вечара, дык ён не заплацiць ёй за ўвесь тыдзень, - зноў узялася за працу. Беднаму чалавеку капейка, так цяжка заробленая, не можа не быць дарагой.

Чаляднiк узлаваўся.

- Iдзеш ты, сука, - крычаў ён, - цi не iдзеш?

- Як жа я пайду, калi яны не хочуць заплацiць? За рубля таго хоць спаднiцу якую купiла б!..

- Ну, дык цяпер, - гыркнуў чаляднiк, - на вочы мне не паказвайся, на парог мой не ступi, бо затаўку насмерць!..

I пайшоў у горад.

Увечары, як заўсёды, муляры разышлiся. У новым доме застаўся начаваць Мiхалка, а з iм - дзяўчына.

- Не пойдзеш? - спытаўся здзiўлены дзяцюк.

- Куды ж я пайду, калi ён сказаў, што прагонiць...

Толькi цяпер Мiхалка пачаў здагадвацца.

- Дык гэта ты з iм жыла? - спытаўся з крыўдай у голасе.

- Ага, - сарамлiва шапнула дзяўчына.

- I яму аддавала ўвесь заработак, хоць ён i бiў цябе?

- Але.

- А чаму ж ты так брыдка рабiла?..

- Бо любiла яго, - цiха адказала дзеўка, хаваючыся за слупы рыштавання.

Дзецюка нiбы хтосьцi нажом укалоў. Недарма людзi з яго смяялiся!..

Мiхалка падсунуўся да дзяўчыны.

- А цяпер не будзеш яго любiць? - спытаўся ён.

- Не, - адказала яна i пачала горка плакаць.

- Будзеш толькi мяне любiць?

- Але.

- Я не буду цябе бiць i грошай тваiх забiраць не буду.

- Вядома ж!

- Са мной табе будзе лепш!..

Дзеўка не адказала нiчога, а толькi плакала яшчэ шчырэй i ўся траслася.