Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 17

Янка Купала

Сымон. Нашто ж нас да гэтага давёў? Нашто хату раскідаў?

Паніч. Бо з майго лесу была пабудавана.

Сымон. А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай.)

Зоська (становіцца між Панічом і Сымонам). Братачка! Адна сякера пабудавала, а другая раскідала,— прычым жа тут паніч? Ен яе ніколі і ў рукі не бярэ.

Уваходзіць Данілка.

З'ява VIII

Тыя ж і Данілка.

Данілка (убок). А бач! I панічок прыйшоў к нам у госці! Толькі чым мы яго пачастуем? (Да Ланіча.) Пахвалёны Езус, панічу! А я маю да цябе важны інтэрас: пазыч ты мне жыл на струны і конскага хваста на смык, бо скрыпачку сваю зараз такі змайструю, а іграць не будзе як. Пазыч, панічок! Як разбагацеюся, тады аддам.

Сымон. Ты б лепей сабе вяроўкі на пятлю папрасіў — гэтага скарэй у людзей дастанеш.

Паніч. Табе б з ахвотай яе пазычыў...

Сымон (панура). Так, як і бацьку.

Зоська. Панічок, не крыўдуйце на яго! Ён не так! нягодны, як хоча паказацца. Ён з часам пераменіцца і будзе табе служыць, ох, як верна служыць! Тваё полейка араць, тваіх конікаў даглядаць, тваіх дзетак вазіць. А мы з мамкай дабрыцо будзем жаць, для цябе, панічок, жаць! Дык не крыўдуйце на яго!

Паніч. Я не ведаю, хто тут пан — я ці ён?

Сымон. Ніхто!

Данілка. Ты, Сымонка, як я віджу, толькі вадзішся з панічом, а не пагаворыш, як на гаспадара прыстала, аб важнейшых справах. Тату сягоння пахаваў, а крыжа і не паставіў. Папрасі ў паніча дзерава на крыж.

Паніч. На гэта ў мяне лесу хопіць. Можаце колькі хочучы з майго дзерава ставіць крыжоў. Без просьбы — пазваляю.

Сымон. Замнога ласкі!.. Я сам стану крыжам на бацькавай магіле і буду вечна сцерагчы, каб твае плугі не разрыл! яе, як тапары твае сцены гэтыя!

Паніч. Вар'ят! Ці ж не твае рукі гэта рабілі і робяць? Падумай толькі! (Шыбка выходзіць, пасвістваючы.)

Данілка (услед яму). А па жылы і хвост я прыйду да паніча. Скажы толькі сабакі прывязаць!

З'ява IX

Тыя ж без Паніча.

Зоська (да Сымона). Ты ўгнявіў яго, Сымонка. Пазволь — я пабягу і перапрашу. (Меціцца бегчы.)

Сымон (сціскаючы тапор І загароджваючы дарогу). Толькі краніся ў той бок!..

Зоська з плачам апускаецца на зямлю. Сымон, кінуўшы тапор, садзіцца на ўслончыку і апускае галаву на далоні. Данілка выцірае рукавом вочы.

Паволі апускаецца заслона.

Акт трэці

З'ява І

Марыля адна.

Марыля (сядзіць і шые торбу). Ох! охо! Не судзі-ла долечка скарыстаць з свайго дабрыца, як усе добрыя людзі карыстаюць. Падумаць толькі! Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежауся— сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі... па Грамніцах кроены паставіла... колькі сценак наткала... На кашулі сабе, нябожчыку і дзеткам ткала. Звалілася бяда, і ўсё пайшло марна: заместа кашуль — торбы шыю! Эх! эх! Сабе і дзецям — жабрацкія торбы. (Задумваецца.)

З'ява ІІ

Марыля, Зоська, дзеці.

Зоська (уваходзіць з пукам васількоў, за ёй — дзеці). А ты ўсё шыеш, мамка?! Кіньце!.. Жудка мне становіцца ад гэтага твайго шыцця. Мне здаецца, што ты нам, усім жывым яшчэ, смяротныя сарочкі шыеш. Кіньце, мамка, гэту сваю няшчасную работу! (Садзіцца i ўe вянок, каля яе — дзеці.)