Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 16

Янка Купала

Зоська. Мамка нічога не ведае... Я аб нічым ёй не казала... Даруйце ёй, панічок!

Паніч (устаючы). Што? што, Лявоніха, хочаш ад мяне? Я нічога не разумею! Я ж не магу пазволіць ізноў тут хату ставіць, калі мне тэту сялібу трэба прылучыць да двара. Раз выкінулі вас, то і ўсё тут. А калі захочаце служыць у мяне, то я ў дварэ дам хату.

Марыля. Я не аб гэта. Я... я малю цябе: не зводзь яе, мае Зоські! Табе, панічок, нічога не станецца, а яна згіне, прападзе за нямашто!

Паніч. Якая Зоська згіне? Што ты выдумала?

Зоська. Я, мамачка, не згіну, а калі і згіну, то мой цень астанецца і будзе жыць на свеце да сканчэння вякоў. Так! Цень будзе жыць, калі я згіну.

Марыля. Чуеце, панічок, што яна кажа? Гэта ты яе ачараваў. Гэта ты мне дачку выдзіраеш! Лепей сэрца ў мяне, яе маткі, выдзеры і зрабі з яго свечку сабе, але дачкі не вырывай у няшчаснай удавы!

Зоська (падыходзячы к матцы, абымае і цалуе ў галаву). Зязюлька мая падстрэленая! Усе роўна тады ці сяды рассыплюцца твае дзеткі па беламу свету, І будуць каршуны кляваць цела іх і хлёптаць кроў цёплую, а шумны вецер паразмятае перайка і чорным пясочкам костачкі іх прысыпе. Толькі ты, зязюлька, гэтага саколіка цяпер не кляні — ён нічога не вінен; я лепей за цябе ведаю.

Марыля (пасоўваючыся з услончыка к нагам Патча). Панічок! Я цябе дзіцянём пры сваіх грудзях выпесці-ла, выняньчыла!.. Я ж цябе магла ўтапіць, задушыць, але ты жывеш і цвіцеш. Не забівай жа ты мяне і адваражы, вярні мне маю Зоську! I ў цябе матка была...

Паніч. Позна ўжо, цётка!

Марыля. О, чаму лепей не плыла атрута з маім малаком у той час, калі...

Пры апошніх словах Паніча ўваходзіць Сымон з тапаром у руках, каторым увесь час пакручвае. Зоська першая ўгледзела Сымона і адышла ўбок.

З'ява VII

Тыя ж і Сымон.

Сымон. Эгэ! Шчырая малітва, відаць, адбываецца перад панічом.

Марыля ўстае і адыходзіць убок.

Зоська. Гэта мамка так сабе! Прасілі паніча, каб пазволіў яшчэ час які тут пасядзець.

Сымон. А ты прасіла, каб ён табе пазволіў там, у яго, ночкі праседжваць.

Паніч. Ты, мой міленькі, азвярэў і не помніш сам, што кажаш. Ведай тое: што кіўну я толькі пальцам, і ты зараз жа зазвоніш ланцугамі за напад на маіх людзей з тапаром, калі ягамосця з хаты выпрошвалі.

Сымон. Ведаю, ведаю! Але пакуль гэта мая сяст-рычка не абрыдне панічу, то ён на яе брата і на матку не кіўне пальцам.

Зоська (увесь час сочыць за Сымонам і тапаром). Братачка! Нашто ты сваю сястру так у балота топчаш? Яшчэ і паміма цябе яе людзі натопчуцца! Кінь дакучаць панічу і мне: гэтым бядзе не паможаш!

Сымон. Ха-ха-ха! Можа, на калені скажаш стаць і маліцца перад ім? (Да Паніча.) Чаго, паніч, прыйшоў сюды? Ці ж табе мала, што яна туды, пад твой палац, бегае? Ці ж табе гэтага мала?

Паніч. Я прыйшоў табе сказаць: дакуль вы будзеце сядзець на маім полі?

Сымон. Я не на панічовым сяджу, а на сваім, і ніхто мяне згэтуль не згоніць!

Паніч А закон нашто?

Сымон. Я і чакаю закону: суд будзе, І праўда верх возьме.

Паніч. Каб за табой праўда была, то не сядзеў бы гэтак пад голым небам.