Читать «Горны гатэль (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Мопассан Ги Де
Нiхто не адгукнуўся, нiякага гуку, нiякага шэпту, нiякага стогну, нiчога. Стаяла цёмная ноч. Бледна паблiскваў снег.
Узняўся вецер, сцюдзёны горны вецер, што разбiвае камянi i не пакiдае нiчога жывога сярод гэтых забытых Богам вяршыняў. Яго раптоўныя парывы былi больш высушлiвыя i смяротныя, чым пякучы вецер пустынi. Ульрых зноў закрычаў: "Гаспар! Гаспар! Гаспар!"
Ён пачакаў. Горы маўчалi! I тады страх працяў яго да самых касцей. Ён хутка заскочыў у гатэль, зачынiў дзверы, замкнуўся на замок i ўпаў у лiхаманцы на крэсла, упэўнены ў тым, што яго таварыш клiкаў яго падчас канання.
Ён быў упэўнены ў гэтым. Стары Гаспар Хары канаў два днi i тры ночы недзе ў яме, у адным з глыбокiх, некранутых яроў, бель якiх страшнейшая за цемру сутарэнняў. Ён канаў два днi i тры ночы i памёр толькi што з думкай пра свайго кампаньёна. Душа яго, як толькi вызвалiлася, паляцела да гатэля, дзе спаў Ульрых, i паклiкала яго, падпарадкоўваючыся той таямнiчай i страшнай сiле, што прымушае душы памерлых неадступна турбаваць жывых. Гэтая бязмоўная душа закрычала ў прыгнечаным розуме таго, хто спаў. Яна выгукнула апошняе слова развiтання, апошнi папрок, апошняе пракляцце таму, хто не надта старанна шукаў.
I Ульрых адчуваў, што Гаспарава душа тут, зусiм блiзка, за сцяною, за дзвярыма, якiя ён толькi што зачынiў. Яна тулялася знадворку, як начная птушка, што б'ецца крыламi аб шыбiны асветленага акна, а хлопец, ужо зусiм ашалелы, быў гатовы завыць ад страху. Ён хацеў уцячы, але баяўся выйсцi. Ён не наважваўся i больш нiколi не наважыцца выйсцi, бо прывiд будзе заставацца там, ён будзе бадзяцца ўдзень i ўночы вакол гатэля, пакуль не знойдуць цела старога праваднiка i не пахаваюць яго на пасвенчанай зямлi на могiлках.
Настаў дзень, узышло яркае сонца, i гэта надало Кюнсi адвагi. Ён паснедаў, накармiў сабаку i застаўся сядзець на крэсле, думаючы з болем у сэрцы пра старога, што застаўся недзе ляжаць у снезе.
Як толькi на горы апусцiлася ноч, яго пачалi адольваць новыя страхi. Ён хадзiў па цёмнай кухнi, ледзь асветленай полымем свечкi, хадзiў з кута ў кут шырокiм крокам, прыслухоўваючыся, цi не парушыць зноў змрочную навакольную цiшу нялюдскi крык мiнулае ночы. Ён адчуваў самоту - пэўна, нiхто нiколi не быў такi самотны! Ён быў адзiн у гэтай бясконцай снежнай пустэльнi, адзiн на вышынi дзвюх тысяч метраў над зямлёй, над дамамi, над шумным i мiтуслiвым жыццём, адзiн у гэтых сцюдзёных нябёсах! Яго раздзiрала дзiкае жаданне ўцячы, усё роўна куды, усё роўна як, спусцiцца ў Лёэш, кiнуўшыся ў прорву. I ён зрабiў бы гэтак, але не адважыўся адчынiць дзверы. Ён баяўся, што той, мёртвы, не дасць яму ўцячы з-за боязi застацца аднаму ў гарах.
Каля апоўначы, стомлены хадою, ашалелы ад страху, ён урэшце заснуў на сваiм крэсле, бо баяўся ложка, як месца, заселенага прывiдамi.
I раптам пранiзлiвы крык зноў прарэзаў цiшу. Ён быў такi гучны, што Ульрых выцягнуў рукi перад сабой, каб адпiхнуць прывiда, i ўпаў разам з крэслам.
Сэм, абуджаны шумам, пачаў выць, як выюць напалоханыя сабакi, ён бегаў па пакоi, шукаючы, з якога боку пагражае небяспека. Падышоўшы да дзвярэй, ён прынюхаўся, натапырыўся i пагрозлiва завурчаў.