Читать «Горны гатэль (на белорусском языке)» онлайн - страница 7
Мопассан Ги Де
Ашалелы Кюнсi ўскочыў, схапiў крэсла за ножку i закрычаў: "Не ўваходзь! Не ўваходзь! Не ўваходзь, бо заб'ю!" I сабака, узбуджаны гэтай пагрозай, пачаў шалёна брахаць на нябачнага ворага, да якога звяртаўся гаспадар.
Сэм памалу супакоiўся i лёг каля агню, але трывога не прайшла. Ён ляжаў, падняўшы галаву, i сярдзiта вурчаў праз iклы.
Ульрых памалу апрытомнеў, але, адчуваючы, што зараз памрэ ад страху, дастаў з буфета бутэльку гарэлкi i выпiў адну за адной некалькi шклянак. Думкi яго пераблыталiся, зноў вярнулася адвага, гарачыня разлiлася па жылах.
Наступнага дня ён нiчога не еў, толькi пiў гарэлку. Так ён пражыў некалькi дзён, п'яны да непрытомнасцi. Як толькi ён згадваў Гаспара, ён зноў пачынаў пiць, пакуль не падаў, збiты з ног дзеяннем алкаголю. Ён так i заставаўся ляжаць, тварам унiз, нерухома, як мёртвы, з разбiтым целам, храпучы, прыцiснуўшыся лбом да зямлi. Але як толькi пякучая дурманлiвая вадкасць засвойвалася арганiзмам, той самы крык "Ульрых!" зноў будзiў яго, упiваючыся ў мозг, як куля. Ён уставаў, хiстаючыся, выстаўляючы рукi, каб не ўпасцi, i клiкаў Сэма на дапамогу. I сабака, якi ўжо, як i гаспадар, таксама страцiў розум, кiдаўся да дзвярэй, пачынаў драпаць iх кiпцямi, грызцi сваiмi вялiкiмi белымi зубамi, а хлопец тым часам стаяў, задраўшы галаву, i прагна глытаў, нiбы ваду пасля доўгага бегу, гарэлку, што на нейкi час зноў усыпляла яго думкi, яго памяць i яго неадчэпны страх.
За тры тыднi ён выпiў усё назапашанае спiртное. Але гэтае доўгае п'янства толькi часова ўсыпляла яго страх, што прачынаўся з новай лютасцю, як толькi канчалася дзеянне алкаголю. I тады неадчэпная думка аб памерлым, памоцненая месяцам апойства i абсалютнай адзiноты, уядалася ў яго, як свердзел. Тады ён пачынаў хадзiць па пакоi, як звер у клетцы, прыкладаў вуха да дзвярэй, прыслухоўваўся, цi той другi ўсё яшчэ там, i крычаў яму праз сцяну.
Пасля, як толькi ёп пачынаў засынаць, зможаны стомай, ён зноў чуў голас i ўскокваў на ногi.
Нарэшце аднае ночы ён, гатовы на ўсё ад роспачы i страху, падскочыў да дзвярэй i адчынiў, каб паглядзець на таго, хто яго клiча, каб прымусiць яго замаўчаць.
Сцюдзёны вецер шугануў яму ў твар i працяў наскрозь смяротным холадам. Ён хутка зачынiў дзверы i замкнуўся на засаўку, не заўважыўшы, што Сэм застаўся на дварэ. Пасля, дрыжучы, ён падкiнуў дроў у агонь i сеў перад iм, каб сагрэцца, але раптам уздрыгнуў, бо пачуў, як нехта скрабецца ў сцяну i плача.
Ён ашалела закрычаў: "Iдзi адсюль!" У адказ пачуўся працяжны жаласны стогн.
I тады страх забраў рэшту розуму. Ён паўтараў: "Iдзi адсюль!" - i сам круiцўся на месцы, каб знайсцi куток, куды схавацца. А той знадворку не пераставаў плакаць, хадзiць вакол дома i церцiся аб сцены. Ульрых кiнуўся да дубовага буфета, набiтага посудам i харчамi, i, прыўзняўшы яго з нялюдскай сiлай, заставiў iм дзверы. Пасля, сцягнуўшы ў кучу ўсё, што засталося ад мэблi, матрацаў, сеннiкоў, крэслаў, ён заклаў акно, быццам баронячыся ад аблогi.