Читать «Горны гатэль (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Мопассан Ги Де

Пасля, павярнуўшы ўправа, ён выйшаў да ледавiка Лёмэрн. Ён ступаў шырока, як горны жыхар, пастукваючы жалезным кiйком па цвёрдым, як камень, снезе. Ён пiльна ўглядаўся ў далечыню, шукаючы на гэтым бязмежным белым абрусе маленькую чорную кропку.

Каля ледавiка ён спынiўся, разважаючы, цi пайшоў стары менавiта гэтай дарогай, пасля рушыў уздоўж скал шпаркiм, неспакойным крокам.

Сонца садзiлася, снег рабiўся ружовы. Сухi марозны вецер прабягаў раптоўнымi парывамi па крыштальнай роўнядзi. Ульрых моцна пагукаў. Голас паляцеў у мёртвую цiшу, дзе спалi горы; ён панёсся далёка над нерухомымi i глыбокiмi хвалямi лядовага шумавiння, як птушыны крык над марскiмi хвалямi, i ўрэшце зацiх. Нiхто не адазваўся.

Ён пайшоў далей. Сонца ўжо села за горнымi вяршынямi, яшчэ ружовымi ад апошнiх водблiскаў. Тым часам дно ў лагчыне пачало шарэць, i хлопец раптам спалохаўся. Яму здалося, што цiшыня, адзiнота, смяротны холад гор авалодваюць iм, спыняюць i студзяць кроў, скоўваюць цела, робяць з яго нерухомую ледзяную iстоту. I ён пабег у бок гатэля. Стары павiнен быў ужо вярнуцца, пакуль ён хадзiў. Напэўна, ён прыйшоў другою дарогай i цяпер сядзiць каля агню, а побач ляжыць забiтая сарна.

Хутка ён убачыў гатэль. Дыму не было. Ульрых пабег хутчэй, адчынiў дзверы. Сэм кiнуўся яму насустрач. Гаспар не вярнуўся.

Напалоханы хлопец азiрнуўся навокал, быццам спадзяваўся ўбачыць свайго кампаньёна ў адным з кутоў. Пасля ён распалiў агонь i згатаваў суп. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што стары вернецца.

Час ад часу ён выходзiў з дому, каб паглядзець, цi не вяртаецца Хары. Тым часам настала ноч, цьмяная, бледная горная ноч, з краю неба яе блякла асвятляў тонкi жоўты маладзiк, што быў гатовы, здавалася, упасцi з неба i знiкнуць за вяршынямi.

Хлопец вяртаўся ў дом, садзiўся, грэў ногi i рукi, перабiраючы ў думках усе няшчасцi, што маглi здарыцца.

Гаспар мог звалiцца ў яму, спатыкнуцца i падвярнуць цi нават зламаць нагу. Тады б ён застаўся ляжаць у снезе, пакуль не змерзне, з роспаччу ў душы, загублены ў белай пустэльнi. Можа, ён будзе прасiць ратунку, гукаючы ў начной цiшы.

Але дзе? Горы навокал такiя вялiкiя, такiя жорсткiя, такiя небяспечныя, асаблiва гэтаю парою, што спатрэбiлася б дзесяць цi нават дваццаць праваднiкоў, якiя шукалi б чалавека тыдзень у гэтым бязмежжы.

Ульрых Кюнсi вырашыў, аднак, пайсцi шукаць разам з Сэмам, калi Гаспар Хары не вернецца да першае гадзiны ночы.

Ён пачаў збiрацца.

Ён паклаў у наплечнiк харчоў на два днi, узяў сталёвыя крукi, абвязаўся вакол пояса доўгай, тонкай i моцнай вяроўкай, праверыў свой жалезны кiёк i сякерку, якою высякаюць прыступкi ў лёдзе. Пасля ён стаў i азiрнуўся. У камiне гарэў агонь. Асветлены полымем, спаў, цiхенька сапучы, вялiкi сабака. Гадзiннiк пастукваў, як сэрца, у сваёй скрынцы са звонкага дрэва.

Ён чакаў, уважлiва прыслухоўваючыся да далёкiх гукаў, i ўздрыгваў кожнага разу, калi лёгкi вецер прабягаў па даху i сценах.

Прабiла поўнач, Ульрых здрыгануўся. Адчуваючы холад i страх, ён паставiў на агонь ваду, каб перад адыходам папiць гарачай кавы.