Читать «Горны гатэль (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Мопассан Ги Де

Знадворку чулiся журботныя стогны, на якiя хлопец урэшце пачаў адгукацца такiмi самымi стогнамi.

Так мiналi днi i ночы, а яны ўсё вылi адзiн у адказ другому. Адзiн увесь час круцiўся вакол дома, драпаў сцяну кiпцямi так моцна, што здавалася - сцяна не вытрымае, другi ж, у доме, прыслухоўваўся да кожнага руху знадворку, скурчыўшыся, прыклаўшы вуха да сцяны, адказваючы на кожны гук страшным крыкам.

Аднаго вечара Ульрых нiчога не пачуў з-за сцяны. Ён сеў, разбiты стомай, i адразу заснуў.

Прачнуўся ён, нiчога не памятаючы, нi пра вошта не думаючы, быццам галава яго спустошылася падчас гэтага цяжкага сну. Ён быў галодны i таму кiнуўся есцi.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Зiма скончылася. Перавал Жэмi зноў адкрыўся, i сям'я Хаўзэраў рушыла ў горы, каб на лета зноў пасялiцца ў сваiм гатэлi.

Дайшоўшы да вяршынi перавалу, жанчыны ўзлезлi на мула i пачалi гаварыць пра двух праваднiкоў, якiх яны хутка павiнны былi ўбачыць.

Iх дзiвiла тое, што нiводзiн з iх не спусцiўся на некалькi дзён раней, калi дарога ўжо адкрылася, каб расказаць пра сваё доўгае зiмаванне.

Нарэшце яны заўважылi гатэль, яшчэ ўкрыты снегам. Дзверы i акно былi зачыненыя, але над дахам вiўся дымок, i Хаўзэр-бацька супакоiўся. Але наблiзiўшыся да дома, ён заўважыў на парозе шкiлет нейкай жывёлiны, якую разадралi арлы.

Усе разгледзелi яго. "Гэта напэўна Сэм", - сказала мацi. Яна паклiкала: "Гэй, Гаспар!" У адказ з дома пачуўся прарэзлiвы крык, хутчэй звярыны, чым чалавечы. Хаўзэр-бацька паклiкаў зноў: "Гаспар!" I зноў пачуўся той самы крык.

Бацька i сыны паспрабавалi адчынiць дзверы, але яны не далiся. Тады схадзiлi ў пустую стайню, прынеслi бервяно i з усяе сiлы стукнулi iм у дзверы. Дрэва хруснула, падалося, дошкi разляцелiся на кавалкi. Пасля ў доме пачуўся страшэнны грукат, i яны заўважылi за перакуленым буфетам чалавека з валасамi да плячэй, з барадою да пояса, з блiскучымi вачыма, з рызманамi на целе замест вопраткi.

Яны не пазналi яго, але Луiза Хаўзэр закрычала: "Гэта Ульрых, мама!" I мацi згадзiлася, што гэта Ульрых, хоць у яго былi сiвыя валасы.

Ён падпусцiў iх блiжэй, даў дакрануцца да сябе. Але ён не адказваў на пытаннi, якiя яму задавалi. Прыйшлося завесцi яго ў Лёэш, i там лекары засведчылi, што ён звар'яцеў.

I нiхто нiколi не даведаўся, што сталася з яго кампаньёнам.

А маладзенькая Луiза ледзь не памерла гэтым летам ад нейкай хваравiтай млявасцi, якую ўсе тлумачылi ўплывам горнага холаду.