Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 34

Кир Булычев

- Казаў жа твой бацька пачакаць да восенi. Як жа так, як жа так, мяне, старую, у думках пакалечыла. Абдзялiў мяне божа сваёй мудрасцю... А дзе ж наша дружына ды верныя слугi... Млосна, млосна...

- Магло быць горш... - Дзяўчына дакранулася доўгiмi пальцамi да размаляванай праснiцы, што стаяла побач, i задумлiва пацягнула касмык воўны. - Магло быць горш...

- Ты пра што думаеш? - спыталася старая, не расплюшчваючы вачэй. Усхваляваў ён цябе, рыжы д'ябал. Грэх у цябе ў галаве.

- Ён князь, ён храбры вiцязь, - сказала дзяўчына. - Дый няма граху ў маiх думках.

- Грэшыш, грэшыш... Дасць бог, дабяруся да Смаленска, упрашу брата, каб пакараў ён разбойнiкаў. Колькi гадоў я дома не была...

- Цi хутка служба скончыцца? - спыталася дзяўчына. - У русiнаў такiя доўгiя службы.

- Наш абрад вiзантыйскi, урачысты, - сказала старая. - Я вось памяняла веру, а часам пакутую. А ты выйдзеш за княжыча, пяройдзеш у яго веру, мае грахi замалiць...

- Ах, пустая размова, цётка. Вы, русiны, легкаверныя. Ну хто вас ратаваць будзе, калi ўсе думаюць, што мы ў палоне ў летаў. Захопяць нас мечаносцы, горад спаляць...

- Не дай божа, не дай божа! Жахлiвы будзе гнеў караля Лешкi.

- Нам жа будзе ўсё роўна.

- Хто гэтая Магда? - спыталася Ганна. - Усе пра яе гавораць.

- Хутчэй за ўсё сваячка, можа, дачка польскага караля Лешкi Белага. I ехала ў Смаленск... Давайце паглядзiм, цi не ў царкве князь?

Перад расчыненымi дзвярыма сабора сядзелi калекi i жабракi.

Шар пранiк цераз сцяну сабора, i Ганне здалося, што яна адчувае пах свечак i ладану. Iшла служба. Змрочнае святло дрыжала за сшною свяшчэннiка ў вышытай залатой рызе.Яго павялiчаны цень пакалыхваўся, засцiлаючы фрэскi суровых чорнабародых старцаў, што глядзелi са сцен на людзей, якiя напоўнiлi невялiкi сабор.

Раман стаяў поруч з князем, наперадзе, яны былi амаль аднолькавага росту. Губы ў чарадзея ледзь варушылiся.

- Вароты слабыя, - цiха гаварыў ён князю. - Могуць не вытрымаць. Ведаеш?

Князь зморшчыўся:

- На вулiцах бiцца будзем, у лес уцячом.

- Не выйдзе. У iх на кожнага твайго дружыннiка пяць чалавек. Кальчужных. Ты ж ведаеш.

- Таму што тады лепш бы i не пачынаць. Прадумай яшчэ што. Агнём iх спалi.

- Не магу. Запас скончыўся.

- Ты купi.

- Няма дзе. Мне сера патрэбна. А па яе ехаць трэба далёка.

- Тады чаруй. Ты чарадзей.

- Чарамi не дапаможаш. Не чарадзей я.

- Калi не чарадзей, то чаму цябе ў Смаленску палiлi?

- Зайздросцiлi. Папы зайздросцiлi. I манахi. Думалi, што я золата раблю...

Абодва замаўчалi, прыслухоўваючыся да свяшчэннiка. Князь перахрысцiўся, потым зiрнуў на суседа.

- А што зоркi гавораць? Цi выстаiм, пакуль лiтва прыйдзе?

- Баюся, не дачакаемся. Ордэн наўрад цi будзе адкладваць штурм.

- Выстаiм, - сказаў князь. - Павiнны выстаяць. А ты думай. Найперш з табою расправяцца. Цi спадзяешся на старую дружбу?

- Няма ў мяне з iмi дружбы.

- Тады расправяцца. I яшчэ скажу. Ты на польскую князёўну вачэй не вылуплiвай. Не па табе тавар.

- Я з княжага роду, брат.

- А яна каралеўскай крывi.

- Я сваё месца ведаю, брат, - сказаў Раман.